Расклад святочнай імшы ў беларускім касцёле ў Вільні
У нядзелю, 24 снежня 2017 года ў беларускім касцёле на Зарэччы (Ужупіс) зранку будзе дзве імшы на 10.00 і 12.00. Імша ўначы — 24:00. 25 снежня – імша у 10.00 і 12.00, 26-га снежня ў 12.00.
Імша адбываецца на беларускай мове. Ксёндз – Арыюш Малыска.
Беларускі касцёл у Вільні, напярэдадні Божага нараджэння, фота: Лена Танкачова.
Беларускі Касцёл святога Барталамея ў Вільні месціцца на Зарэччы (Ужупіс) – Šv. apaštalo Baltramiejaus bažnyčia Užupio 17a. У 1997 годзе касцёл Святога Барталамея на Зарэччы быў перададзены беларускай каталіцкай супольнасці Вільні, але да 2016 года імша праходзіла на дзвюх мовах – беларускай і польскай. З 2016 года імша – толькі па-беларуску.
Гісторыя касцёла распачалася ў 17-ым стагоддзі. У 1644 годзе на Зарэччы на стромкім беразе Віленкі паўстаў невялікі драўляны касцёл святога Барталамея. У 1649 годзе будынак касцёлу спалены ўдарам маланкі, але ў гэтым жа годзе паўстаў новы касцёл, таксама з дрэва, але пажар знішчыў і гэты гмах касцёлу. У 1824 годзе пад той самай назвай пабудаваны мураваны касцёл – невялікі ў стылі класіцызму. Належаў ён да аўгустынаў “белых”, а пазней тут была філія кляшторнага касцёлу бернардынаў. У 1881 годзе дабудавалі вежу. Касцёл меў 5 алтароў. З 1949 года барочныя алтары Віленскага касцёла святога Барталамея можна пабачыць у касцёле Святога Міхала ў мястэчку Немянчыне, куды яны трапілі пасля закрыцця савецкімі ўладамі касцёла Барталамея на Зарэччы.
Беларускае Радыё Рацыя