Мітрапаліт Ануфрый абраны прадстаяцелем УПЦ МП (абноўлена)
Сінод Украінскай праваслаўнай царквы Маскоўскага Патрыярхату абраў Кіеўскім Мітрапалітам часова выконваючага яго абавязкі Мітрапаліта Чарнавіцкага і Букавінскага Ануфрыя. Па словах свецкага тэолага і філосафа Юрыя Чарнаморца, гэта кампрамісны выбар паміж прыхільнікамі поўнай незалежнасці Украінскай царвы ад Масквы і прыхільнікамі яе поўнага зліцця з Рускай праваслаўнай царквою.
– Тое, што абраны Мітрапалітам Ануфрый, азначае, што царква скіраваная на тое, каб захаваць сябе, каб прапаведаваць традыцыйнае праваслаўнае хрысціянства. Царква яшчэ не гатовая да нейкіх зменаў. Паглядзім, што будзе далей.
Юры Чарнаморац лічыць, што тэарэтычна Мітрапаліт Ануфрый будзе падтрымліваць дыялог з іншымі праваслаўнымі цэрквамі, аднак да рэальнага аб’яднання ён не будзе імкнуцца. Першаіерарх Кіеўскага Патрыярхату ўжо заявіў, што перамаглі прарасейскія сілы, і што Мітрапаліта Ануфрыя будуць трактаваць як русафіла, а не ўкраінскага патрыёта.
Кастусь Бандарук, Беларускае Радыё Рацыя
* * *
Мітрапалітам Кіеўскім, прадстаяцелем Украінскай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату абраны мітрапаліт Ануфрый.
Такое рашэнне прыняў 13 жніўня Сабор біскупаў Украінскай праваслаўнай царквы МП, які адбыўся ў Кіева-Пячэрскай лаўры.
Галасаванне праходзіла таемна, у два туры: у першым туры з 74-х біскупаў былі вызначаныя тры кандыдатуры, а ў другім туры з гэтых трох кандыдатур абралі прадстаяцеля УПЦ МП.
Паўнапраўным прадстаяцелем Украінскай праваслаўнай царквы новаабраны мітрапаліт Кіеўскі стане, атрымаўшы грамату з дабраславеннем ад патрыярха Маскоўскага Кірыла, і пасля ўрачыстай інтранізацыі, якая прызначаная на 17 жніўня.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота РИА Новости
* * *
13-га жніўня ў Трапезнай залі храму святых Антонія і Феадосія Пячэрскіх у Кіеве распачаўся Сабор епіскапаў Украінскай Праваслаўнай Царквы Маскоўскага Патрыярхату.
82 епіскапы гэтай Царквы павінны абраць пераемніка Кіеўскага Мітрапаліта Володымыра, які памёр 5 лютага.
Па словах праваслаўнага тэоляга і філосафа Юрыя Чарнаморца, найбольшыя шанцы на абранне маюць прыхільнікі незалежнасці Украінскай Праваслаўнай Царквы ад Масквы.
– На сённяшні момант ідзе барацьба паміж рознымі памяркоўнымі ўкраінафіламі і больш радыкальнымі ўкраінафіламі. А кандыдатуры ўпартых русафілы апынуліся на чацвёртым ці на пятым месцы.
Паседжанне Сабору пачалося з заўпакойнай ліціі па спачылым Мітрапаліце Володымыры.
Мяркуецца што выбары стануць дэманстрацыяй супрацьстаяння прамаскоўскіх і украўкраінскіх настрояў сярод украінскага епіскапату.
Большасць духавенства і вернікаў УПЦ Маскоўскага Патрыярхату хочуць разрыву адносінаў з Масквою.
Кастусь Бандарук, Беларускае Радыё Рацыя