Расце колькасць інфіцыраваных каронавірусам у Польшчы (абноўлена)



У Польшчы выяўлены чарговы, дванаццаты ўжо, выпадак заражэння каронавірусам. У шпіталі ў Кракаве знаходзіцца мужчына, у якога пацвердзілі захворванне. “Пацыент знаходзіцца ў адзіночнай палаце. Ён адчувае сябе добра, – сказаў у інтэрв’ю „Wyborcza Krakov” дырэктар спецыялізаванага шпіталя імя Стэфана Жэромскага ў Кракаве Ежы Фрэдыгер. У нядзелю ўвечары Міністэрства аховы здароўя Польшчы  паведаміла новыя пацверджаныя выпадкі заражэння ў Польшчы. Іх выявілі ў жанчыны Сілезскага ваяводства і мужчын з Ніжнесілезскага і Мазавецкага ваяводстваў. “Стан пацыента з Уроцлава сур’ёзны. І, на жаль, пагаршаецца. У мужчыны ёсць дыхальная недастатковасць, – заявіла прэс-сакратарка шпіталя Уршула Малецка.

* * * 

Тры чарговыя выпадкі заражэння каронавірусам выявілі ў Польшчы. Пра гэта ў нядзелю ўвечары паведаміла Міністэрства здароўя. Такім чынам, агульная колькасць інфіцыраваных у краіне складае 11 чалавек. На гэты момант пацыенты знаходзяцца ў бальніцах наступных гарадоў: Варшава, Уроцлаў, Рацібор, Шчэцін, Аструда, Зялёна Гура.

Паведамляецца, што стан аднаго пацыента ва Уроцлаве, мужчыны больш сталага ўзросту, цяжкі. Ён не выязджаў за мяжу, але заразіўся пасля кантакту з блізкай асобай, якая цяпер таксама знаходзіцца ў бальніцы за мяжой. Стан астатніх пацыентаў ацэньваецца як добры або стабільны.

У той жа час у Італіі за апошнія суткі зарэгістравана 133 смяротныя выпадкі заражэння вірусам COVID-19. Пра гэта заявілі прадстаўнікі італьянскіх уладаў на рэгулярнай сустрэчы з журналістамі. У Італіі 7 375 заражаных, 366 чалавек памерлі, 622 выздаравелі. У Кітаі дадалося 28 смяротных выпадкаў. Гэтая краіна застаецца на першым месцы ў сусветным статыстычным спісе: усяго выпадкаў заражэння 80 735, смяротных выпадкаў – 3 098.

У Беларусі па-ранейшаму шэсць афіцыйна пацверджаных выпадкаў каронавіруса, у Польшчы – ужо 11 выпадкаў. У Літве ды Украіне – па адным, у Расеі – 17 выпадкаў.

Беларускае Радыё Рацыя

Фото Global Look Press