Разглядаецца магчымасць вяртання цягніка Беласток – Гародня
Польскае Міністэрства інфраструктуры разглядае магчымасць вяртанне цягніка Беласток – Гародня. Раней польскі бок цалкам фінансаваў дадзены маршрут. Аднак гэты міжнародны чыгуначны рух быў адменены з-за недахопу фінансавання ў снежні мінулага года.
Раней паведамлялася, што цягнік Гародня – Беласток да канца 2016 года пушчаны не будзе. Аднак Міністэрства інфраструктуры і будаўніцтва Польшчы вярнулася да пытання аднаўлення чыгуначных зносінаў з Гародняй. Мясцоваму перавозчыку Przewozy Regionalne прапанавана пралічыць кошт паўторнага запуску двух пар цягнікоў паміж Беластокам і Гародняй.
Рэгіянальныя ўлады падкрэсліваюць, што адмена цягніка негатыўна адбілася на жыхарах прыпамежных гарадоў. Як на беларусах, якія актыўна карысталіся гэтым відам транспарту, так і на паляках. У адміністрацыі кажуць, што цягнік плануюць вярнуць у другой палове года. Як мяркуецца, гэта можа адбыцца ў чэрвені.