Разлад у сойміку Падляшскага ваяводства



Сесія сойміка Падляшскага ваяводства прыпынена. Падчас пасяджэння радныя Грамадзянскай кааліцыі і Польскай сялянскай партыі выйшлі з залі ў знак пратэсту супраць планаў адхілення выбранага на мінулым тыдні старшыні сойміка Караля Пілецкага.

З такой прапановай выступілі радныя ад партыі „Права і справядлівасць”, якія маюць у сойміку большасць галасоў. Сесія перанесена на наступны тыдзень, кажа старшыня сойміка Караль Пілецкі:

– Залю Сойміка пакінулі 13 радных. Я запрасіў прадстаўнікоў усіх клубаў на панядзелак у бюро старшыні, каб выбраць тэрмін, калі будуць усе радныя, якія нягледзячы на свае палітычныя перакананні возьмуць удзел у выбарах кіраўніцтва ваяводства.

Паводле Марка Камароўскага, кандыдата на пасаду старшыні сойміка ад імя партыі „Права і справядлівасць”, перапынак сесіі дэстабілізуе працу ваяводскіх самаўрадавых структур:

– Адзіным адказам будзе тое, што зробіць спадар старшыня ў панядзелак. Калі не будзе склікана сесія, гэта будзе адцягвацца, то трэба будзе нешта зрабіць, каб давесці ўсё да канстытуцыйнага ладу. Трэба памятаць, што мы ў вельмі цяжкай сітуацыі: канец года, неабходнасць ухвалення бюджэту, рэалізацыя рэгіянальнай аперацыйнай праграмы, разлікі. У той жа час практычна няма структуры, якая б функцыянавала.

Старшыня сойміка склікаў сустрэчу прадстаўнікоў усіх клубаў на панядзелак, каб разам запланаваць тэрмін сесіі.

Большасць у сойміку Падляшскага ваяводства мае партыя „Права і справядлівасць” – 16  з 30-ці мандатаў. 

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя