У Беластоку разлічыцца з падаткамі дапамогуць у гандлёвых цэнтрах
Разлічыцца з падаткамі ў пятніцу і суботу дапамогуць у беластоцкіх гандлёвых цэнтрах. У рамках агульнапольскай акцыі ў дзвюх гандлёвых галерыях з 12 да 20 гадзін супрацоўнікі падатковай службы дапамогуць усім жадаючым запоўніць PIT і адкажуць на ўсе пытанні падаткаплацельшчыкаў. Распавядае прэс-сакратар Мытнай палаты ў Беластоку Радаслаў Ганцэвіч.
– У ГЦ «Atrium Biała» і «Galeria Zielone Wzgórze» супрацоўнікі падатковай службы будуць чакаць асоб, якія хочуць скласці падатковую дэкларацыю. І дапамогуць запоўніць PIT і выслаць яго ў электронным выглядзе непасрэдна ў падатковую службу. Гэтай паслугай можа скарыстацца любы падаткаплацельшчык.
Пры жаданні выкарыстаць падатковыя ільготы, трэба таксама мець на руках дакументы, якія пацвярджаюць такую магчымасць. Таксама трэба мець пры сабе PIT за 2016 год ці ведаць дакладную лічбу прыбытку, атрыманага ў гэтым годзе для ідэнтыфікацыі дадзеных у сістэме Е-дэкларацыі, – дадае Радаслаў Ганцэвіч з Мытнай палаты ў Беластоку.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток
Фота Joanna Dorota/Shutterstock.com