Развітанне з Уладзіславам Ахроменкам у Беластоку адбудзецца 15-га лістапада (абноўлена)



Развітанне з пісьменнікам і нашым калегам Уладзіславам Ахроменкам адбудзецца ў Беластоку 15-га лістапада (чацвер) з 12:00 да 16:00 польскага часу. Цырымонія адбудзецца ў капліцы па адрасе: ul. Wojskowa 3, CENTRUM POGRZEBOWE JACEK KOMARNICKI.

Пісьменнік і журналіст у пачатку 90-ых гадоў супрацаваў з тыднёвікам беларусаў у Польшчы «Ніва». Цяжка змірыцца са смерццю блізкага сябра і такой таленавітай асобы, кажа Міра Лукша:

– Такая пустка ў сэрцы, калі адыходзіць на той бок, у іншую сферу жыцця, існавання блізкі чалавек, то вельмі дзіўна адчуваеш сябе. Але я ведаю і адчуваю, што гэта перастае існаваць на зямлі, але працягвае быць па той бок, у энергетычнай прасторы, якая ўсё ж існуе побач з намі.

9-га лістапада 2018 года не стала таленавітага беларускага пісьменніка, драматурга, кінасцэнарыста, супрацоўніка Беларускага Радыё Рацыя Уладзіслава Ахроменкі. 29-га кастрычніка ў Беластоку ў яго здарыўся цяжкі інфаркт.

Ён нарадзіўся 29 студзеня 1965 года ў Гомелі. Паходзіў з сям’і інжынера і выкладчыцы. Жыў у Чарнігаве і Менску. У яго засталіся жонка і трое дзяцей.

Беларускае Радыё Рацыя