Рэдакцыю Беларускага Радыё Рацыя наведала нямецкая адукацыйная дэлегацыя



З візітам на нашым Беларускім Радыё Рацыя пабывалі чальцы нямецкай турыстычна-адукацыйнай дэлегацыі. Вандроўку па Усходняй Польшчы і Беларусі арганізавала Bildungswerk – пазаўрадавая арганізацыя па прасоўванні палітычных, культурных і сацыяльных стасункаў у Еўропе з Ляйпцыга.

Кажа кіраўнік праектаў арганізацыі Магдалена Эрмліх:

– Мэта адукацыйнага візіту – пазнанне гэтага рэгіёну. У Германіі не так добра ведаюць пра Польшчу. Мы таксама хацелі пазнаёміць з Беларуссю, бо гэта краіна ўвогуле terra incognita для немцаў. Якая тут сітуацыя з меншасцямі, якая ўвогуле сітуацыя.

Чальцы нямецкай дэлегацыі атрымалі інфармацыю аб працы нашага радыё, цікавіліся ўмовамі працы журналістаў. Таксама іх цікавілі адносіны да нашага радыё з боку беларускіх уладаў ды іншыя пытанні:

– Да візіту на Радыё Рацыя я не ведаў, што тут на мяжы ёсць вольнае слова беларускіх журналістаў. Раней я сам працаваў у сродках масавай інфармацыі, таму для мяне вельмі важнае існаванне незалежных медыяў, як фундамент дэмакратычнага грамадства. На вашым прыкладзе бачна, як улады хочуць абмежаваць гэтае права распаўсюду інфармацыі.

Пасля наведвання Варшавы, Янава Падляшскага, Белавежы і Беластоку, знаёмства з памежным рэгіёнам, нямецкая дэлегацыя накіруецца ў Беларусь, дзе ў прыватнасці наведае сталіцу краіны.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя