Рэфармаваць украінскую міліцыю будуць грузінскія спецыялісты



Былы кіраўнік грузінскай паліцыі Георгій Лорткіпанідзе ачоліў абласное ўпраўленне міліцыі ў Адэсе. Такое кадравае прызначэнне сталася магчымым пасля таго, як грузінскі праваахоўнік атрымаў украінскае грамадзянства. Эксперт Міжнароднай асацыяцыі „Свабодная Украіна” Кацярына Пятрэнка заўважае, што ўкраінскае грамадства з надзеяй і падтрымкай ставіцца да рэформы міліцыі і Дзяржаўнай аўтамабільнай інспекцыі.

Шчыра кажучы, адносіны ў грамадстве да даішнікаў негатыўнае, таму што бывае несумленна спыняюць, бяруць хабар. І зараз нашы ўлады цалкам рэфармуюць ДАІ. Фактычна звальняюцца ўсе старыя кадры і набіраецца новая маладая каманда. Навучаецца, уводзіцца новая сістэма, як гэта ўсё будзе дзейнічаць, і затым будзе ўводзіцца ў жыццё. Мы з вялікім нецярпеннем гэтага чакаем.

Дапамагаюць рэфармаваць украінскую міліцыю дасведчаныя грузінскія спецыялісты, якія правялі паспяховыя пераўтварэнні паліцыі ў Грузіі ў 2005-2012 гадах. Грузінскую каманду рэфарматараў ва ўкраінскім урадзе прадстаўляе таксама экс-намесніца паліцыі Грузіі Эка Згуладзэ.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота ukr.lb.ua