Рэгіянальны агляд VII Міжнароднага фестывалю песні Анны Герман



У суботу 17 кастрычніка ў  беластоцкіх „Сподках”, што па вуліцы святога Роха, адбудуцца рэгіянальныя слуханні сёмага Міжнароднага фестывалю песні  Анны Герман. Сёлета прымуць у ім удзел амаль два дзясяткі прыхільнікаў творчасці Анны Герман з Падляшскага, Велькапольскага і Мазавецкага ваяводстваў. У тым ліку таксама двое  грамадзянаў Беларусі, што пражываюць у Польшчы.  «Галоўная мэта Фестывалю, апрача папулярызацыі творчасці Анны Герман, гэта пошук музычных талентаў»  – кажа яго суарганізатарка  Агнешка Назарук-Зданучык з Падляшскага аддзяленя аб’яднання „Супраца Польшча – Усход”.

– Пошук маладых талентаў – гэта прыярытэт фестывалю, які захоплены добрай музыкай з вартымі тэкстамі. Маем добрую практыку, бо нашыя папярэднія лаўрэаткі выступаюць нават на агульнаполькім фестывалі, прадстаўляючы і Беласток, і Падляшскае ваяводства.

Конкурсныя слуханні Фестывалю пачнуцца а 11-ай гадзіне ў беластоцкіх „Сподках”. Гала-канцэрт пачнеца а 16-тай гадзіне. Будзе таксама транслявацца на Ютуб-канале Фестывалю.  У нядзелю, 18 кастрычніка, песні Анны Герман змогуць паслухаць жыхары Бельска-Падляшскага. Пачатак канцэрту а 14-ай гадзіне.

Фестываль ладзяць супольна Падляшскі Інстытут Культуры і Падляшскае аддзяленне аб’яднання „Супраца Польшча – Усход”. Медыйным патронам Рэгіянальных слуханняў  сёмага Міжнароднага фестывалю песні Анны Герман з’яўляецца Беларускае Радыё Рацыя.

Анна Шайкоўская, Беларускае Радыё Рацыя