Рэха маршу нацыянал-радыкалаў у Беластоку



Ці Беласток застаецца горадам шматкультурнасці і талерантнасці? Такое пытанне паўстала пасля шэсця вуліцамі горада прадстаўнікоў нацыянал-радыкальнага лагера (ONR) з лозунгамі супраць мігрантаў і габрэяў, ды “за каталіцкую Польшчу для палякаў”.

^4E2DB17F804E524B567D8175DE6D7EB4C0352ED19C673A95E6^pimgpsh_fullsize_distr

Хада падзеяў

Нацыянал-радыкальны лагер адзначаў у сталіцы Падляшша 82-я ўгодкі свайго ўтварэння. Спачатку ў беластоцкай катэдры яго прадстаўнікі са сцягамі арганізацыі прынялі ўдзел у імшы, якую павёў “вядомы” ў Польшчы ксёндз Яцэк Мэндляр (Jacek Międlar) – душпастар нацыяналістаў.

“Нуль талерантнасці для ахутанай злаякаснай пухлінай Польшчы і палякаў. Нуль талерантнасці для гэтай пухліны. Гэтая пухліна патрабуе хіміятэрапіі… і такой хіміятэрапіяй ёсць бескампрамісны нацыянал-каталіцкі радыкалізм,” – казаў у час імшы ксёнзд Мэндляр.

Пасля набажэнства прадстаўнікі ONR прамаршаравалі вуліцамі Беластока ў чатырох калонах і са сцягамі, скандуючы: “Ідзе новае пакаленне, нясе Польшчы адраджэнне”, “Ніякіх войнаў за Ізраіль”, “Вялікая каталіцкая Польшча” і “Прэч з Еўрапейскім звязам”.  Гучала і наступнае “На дрэвах замест лісця – будуць вісець сіяністы”.

Аднак, на гэтым святкаванні нацыянал-радыкалаў не скончыліся. Увечары ў клубе Gwint пры беластоцкай палітэхніцы ў час закрытай імпрэзы адбыўся канцэрт гурта Nordica, які папулярызуе ідэі фашызму і расізму. За дзень да гэтага кіраўніцтва навучальнай установы папярэдзіла замежных студэнтаў пра акцыю нацыянал-радыкалаў і параіла не выходзіць са сваіх пакояў.

^35B63E15E3CF2237065DBAA0DB65F8FC96B42A30CD827526F6^pimgpsh_fullsize_distr

Якой была рэакцыя?

Адметна, што спачатку, ні ўлады горада, ні кіраўніцтва палітэхнікі, ні каталіцкія святары нібыта нічога дрэннага не пабачылі ў тым, што адбылося. Рэфлексіі пачаліся хутчэй пасля таго, як марш нацыянал-радыкалаў у Беластоку стаў адной з галоўных тэмаў не толькі беластоцкіх, але і агульнапольскіх інфармацыйных рэсурсаў. Курыя выступіла з заявай, у якой просіць прабачэння ва ўсіх, хто “адчуў сябе пакрыўджаным” паводзінамі чальцоў ONR у беластоцкай катэдры:

Гэты інцыдэнт ёсць недаглядам парафіяльнай адміністрацыі. Але Курыя запэўнівае, што беластоцкі касцёл з’яўляецца апартыйным, і яму чужды нацыяналізм.

Таксама з заявай выступіў рэктар беластоцкай палітэхнікі прафесар Лех Дзеніс (Lech Dzienis). У панядзелкавай заяве ён сказаў, што дазнаўся пра канцэрт неафашыстоўскага гурта ў клубе Gwint пры палітэхніцы (якім апекуецца Фонд беластоцкай палітэхнікі) толькі за дзень да мерапрыемства, якое пачаткова было заяўлена як імпрэза з нагоды дня народзінаў:

У гэтай сітуацыі я стаяў перад вельмі цяжкім выбарам. Адкліканне мерапрыемства, якое арганізуецца асяроддзем, звязаным з ONR, за дзень да яго правядзення, магло стаць непасрэднай пагрозай для бяспекі і здароўя як замежых, так і польскіх студэнтаў. Таму ў паразуменні з паліцыяй мы вырашылі не адклікаць канцэрт, але сканцэнтравацца на ахове ўніверсітэцкага корпуса. Старшыня Фонду беластоцкай палітэхнікі адкліканы са сваёй пасады. Тое, што ніхто не пацярпеў, я лічу сваім асабістым поспехам.

Таксама справай заняўся Упаўнаважаны па грамадзянскіх правах, сваю справу пачала і раённая пракуратура Беласток-Поўдзень, якая праверыць, ці ў час мерапрыемстваў ONR у Беластоку дайшло да праяваў фашызму і знявагі на падставе нацыянальных або рэлігійных прыкметаў. Паліцыя ў сваю чаргу падрабязна вывучае хаду марша нацыянал-радыкалаў, аналізуючы ўсе сабраныя яго відэазапісы і фотаздымкі.

^5863C155B369F8A97030AA6319D4D1FF01FF7E9BC4EC13B5EB^pimgpsh_fullsize_distr

Палітычнае рэха

У справе беластоцкіх падзеяў выказаліся таксама і палітыкі розных палітычных партый. У сталіцу ж Падляшша завітаў сустаршыня маладой апазіцыйнай партыі “Разам” Адрыян Зандбэрг (Adrian Zandberg):

Мы сустрэліся з вамі, каб выказаць сваю занепакоенасць тым, што адбываецца. Занепакоенасць тым, што гарадскія ўлады выдалі дазвол на такі марш. Занепакоенасць тым, што важныя публічныя ўстановы доўгі час не бачылі ніякай праблемы ў падтрымцы мерапрыемства крайніх правых сілаў у Беластоку. І нашую вялікую занепакоенасць тым, што замежныя студэнты не могуць пачуваць сябе бяспечнымі на вуліцах горада. Мы б хацелі атрымаць тлумачэнні ў тым ліку ад прэзідэнта Беластока і палітычных сіл, якія яго падтрымліваюць, але захоўваюць у гэтай справе дзіўнае маўчанне. Мы не згодныя з тым, каб шматкультурнасць, якой вядомае Падляшша, была растаптаная цяжкімі ботамі лысых хлоцаў з скрайніх правых рухаў. Мы кажам НЕ для нянавісці. І мы заклікаем усе іншыя палітычныя сілы таксама голасна сказаць гэтае НЕ.

На думку Андрыяна Зандбэрга, на першы план у змаганні з праявамі фашызму і нецярпімасці выходзіць адукацыя.

^5E6D555B5285A62A0C518C9FCC762C83F9F7E6B9B94387513C^pimgpsh_fullsize_distr

Юстына Рэмбышэўская (Justyna Rembiszewska) з беластоцкага аддзялення партыі “Разам” таксама выказвае незадаволенасць дзеяннямі гарадскіх уладаў:

Мы атрымалі рэакцыю і Курыі, і палітэхнікі, але ўлады горада ніяк пакуль не адрэагавалі на сітуацыю. А тут паўстае пытанне, чаму мы дазваляем на такі марш, ці мы не баімся мы за бяспеку жыхароў Беластока, і тых, хто да нас прыязджае, каб тут вучыцца або жыць?

Трэба адзначыць, што ONR – нацыянал-радыкальны лагер – гэта афіцыйна зарэгістраваная ў Польшчы арганізацыя. Таму з аднаго боку, улады горада Беласток не маглі з увагі на прынцыпы дэмакратыі адмовіць легальнай арганізацыі ў правядзенні марша вуліцамі горада.

Праўда, заўважае Адрыян Зандбэрг, яшчэ перад суботай, калі адбываліся ўсе падзеі, былі сігналы пра тое, што марш не будзе адпавядаць пэўным стандартам талерантнасці і дэмакратыі, і гэта магло стаць прычынай, каб падумаць над яго забаронай.

Справа знаходзіцца ў пастаянным развіцці. Пакуль няма рэакцыі прадстаўнікоў самаго ONR адносна таго, што адбываецца вакол дзеянняў гэтай арганізацыі ў Беластоку.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя.