Рэкордная кантрабанда беларускіх цыгарэт на ўкраінска-польскай мяжы
Рэкордную ад пачатку года кантрабанду беларускіх цыгарэт выявілі ўкраінскія сілавікі на ўкраінска-польскай мяжы.
Фота dpsu.gov.ua
Пра гэта паведамляе прэс-служба ўкраінскіх памежнікаў. Як і большасць тытунёвай кантрабанды, гэтая была выяўлена на мяжы Валынскай вобласці і Люблінскага ваяводства.
З падрабязнасцямі — ўкраінскі карэспандэнт Радыё Рацыя Марцін Война:
– Гэтым разам цыгарэты беларускай вытворчасці перавозілі мікрааўтобусам валынскай рэгістрацыі, якім кіраваў 20-гадовы ўкраінец. Кіроўца павёў сябе неадэкватна, катэгарычна адмовіўся даць магчымасць агледзець аўтамабіль. Мікрааўтобус усё ж такі абшукалі. Мытны кантроль выявіў 34 скрыні беларускіх цыгарэт – усяго больш за 17 тысяч пачак. Мікрааўтобус і нелегальны тытунь сканфіскаваныя. Украінскія памежнікі звязваюць актыўнасць кантрабандыстаў з навагоднімі святамі, калі колькасць нелегальных тавараў на беларуска-украінскай і ўкраінска-польскай межах павялічваецца ў разы.
Найпапулярнейшыя тавары кантрабандыстаў беларуска-украінска-польскага памежжа – алкаголь і тытунь. Падлічана, што 1 еўра, укладзены ў тыя ж нелегальныя цыгарэты, прыносіць парушальнікам закона прыбытак у 5 еўра.
Беларускае Радыё Рацыя