Рэкордная сума з бюджэту ваяводства на рэстаўрацыю помнікаў Падляшша



Бюджэт на рамонтна-кансервацыйныя працы па захаванні помнікаў Падляшша павялічыўся да 3 мільёнаў злотых, паведамляе wrotapodlasia.pl.

Ваяводскія радныя прынялі рашэнне па гэтым пытанні ў панядзелак, 26 красавіка. Дафінансаванне атрымаюць 65 аб’ектаў, унесеных у рэестр помнікаў.

Першапачаткова ў бюджэце ваяводства на 2021 год было зарэзервавана 2 мільёны злотых на рамонт і кансервацыю помнікаў. З-за вялікай колькасці заявак, якія датычацца аб’ектаў, якія патрабуюць неадкладнага ўмяшання, радныя вырашылі павялічыць выдзеленыя сродкі да 3 мільёнаў злотых.

У выніку суфінансаванне будзе прызначана ўсім заяўнікам.

Сярод 65 помнікаў на Падляшшы, рамонт якіх будзе дафінансаваны, ёсць былы кляштар дамініканцаў у Ружанымстоку (17 ст.). Сродкі ў памеры 65 тысяч злотых былі выдзелены на выратавальныя і кансервацыйныя працы на фасадзе.

100 тысяч злотых будуць перададзены парафіі Звеставання Найсвяцейшай Панны Марыі ў Дабжыневе Касцельным. Грошы будуць накіраваныя на рамонт гістарычнага дэкору жывапісу, драўляных і металічных элементаў рызніцы і пакояў пры прэзбітэрыі ў фарным касцёле.

Таксама 100 тысяч злотых атрымае мужчынскі манастыр Дабравешчання Прасвятой Багародзіцы ў Супраслі на рамонт даху і замену дахавага пакрыцця на некаторых будынках манастыра.

Дафінансаванне ў памеры 33,5 тыс. злотых  выдзелена на рамонт і ўтрыманне гістарычнага надмагілля Генрыка Чарнецкага.

Амаль 100 000 злотых накіравана на рэстаўрацыйныя работы ў палацы Хасбаха у Беластоку.