Рэлігійныя вершы ды песні прагучалі ў Сямятычах



У Сямятыцкім цэнтры культуры адбыўся «Вечар дэкламаванай і спяванай рэлігійнай праваслаўнай паэзіі». На сцэне з калядным рэпертуарам паказалі сябе дзеці ды моладзь з Сямятыччыны. Сярод іх была Кацярына Цераховіч, якая дэкламавала творы:

– Гэта два вершы: Іван Бунін «Любил я в детстве» і Аляксандр Блок «Девушка пела в церковном хоре». Гэтыя вершы не было складана вывучыць, бо я люблю замежныя мовы.

Юлія Давідзюк:

– Я спявала песню, якая называецца «Цырульнік». Гэта песня пра цырульніка, які не верыць у Бога, але, як аказалася, усё насамрэч не так, як ён думаў. Я спяваю ў царкоўным хоры, але тут спяваю ўпершыню.

Падчас падзеі таксама адкрылі выставу святочных упрыгожанняў, выкананых вучнямі мясцовых пачатковых школаў, гімназіяў ды ліцэяў. Галоўным арганізатарам імпрэзы выступіў Дэканальны інстытут праваслаўнай культуры ў Сямятычах.

Мацей Рацінеўскі, Беларускае Радыё Рацыя, Сямятычы

Фота аўтара