Сярод намінантаў агульнапольскага конкурса



“Я іх бачу” – рэпартаж журналісткі Беларускага Радыё Рацыя Валянціны Лаеўскай трапіў у лік намінантаў 3-га агульнапольскага конкурса “Гістарычная праграма года”, што праводзіць Інстытут нацыянальнай памяці. Рэпартаж па-беларуску расказвае пра трагедыю, што адбылася ў 1946-м годзе ў Заляшанах, што на Беласточчыне, калі загінулі 16 чалавек. Вёска была знішчана аддзелам польскага ўзброенага падполля пад камандваннем капітана Рамуальда Райса “Бурага”. „Гэта гісторыя, пра якую не кожны хоча узгадваць,” – адзначыла аўтар рэпартажу Валянціна Лаеўская.

– Самае страшнае – ахвяры тых падзеяў. У Заляшанах, між іншым, усё шукаюць віны ў саміх сабе. Ужо цяпер, а праз год будзе 70 гадоў ад гэтай падзеі, яны ўжо гавораць. А скажам пяць-дзесяць гадоў таму, каб даведацца пра гэтую гісторыю, то трэба было напраўду ўвайсці ў давер гэтых людзей.

Рэпартаж Валянціны Лаеўскай “Я іх бачу” трапіў ў катэгорыю “рэгіянальная гісторыя”, разам з яшчэ 4-ма тэле- і радыё-праектамі. А вынікі конкурса Інстытута нацыянальнай памяці даведаемся ў Беластоку 26 лістапада.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя