Польшча выставіла ўладам Беларусі ўльтыматум (абнаўляецца)
Улады Польшчы папярэдзілі Беларусь, што закрыюць чыгуначны пункт пропуску каля памежнага пераходу ў Кузніцы, калі сытуацыя з мігрантамі не стабілізуецца да 21 лістапада.
***
Сёння лагер ля памежнага пераходу ў Брузгах апусцеў. Лукашэнкаўскія службы накіравалі замежнікаў у транспартна-лагістычны цэнтр, размешчаны ў некалькіх сотнях метраў.
***
Віцэ-прэзідэнт Еўракамісіі Маргарыціс Схінас заявіў, што Еўразвяз мае дастаткова доказаў і надзейных выведных дадзеных, якія сведчаць, што «рэжым Лукашэнкі знаходзіцца ў змове з міжнароднымі сеткамі, якія займаюцца нелегальнай перавозкай людзей».
Пра гэта ён сказаў у інтэрв’ю курдскаму выданню Rudaw. Схінас абвінаваціў Беларусь у выкарыстанні чалавечых пакут як зброі і заклікаў іракцаў не купляцца на хлусню кантрабандыстаў.
Па словах Схінаса, Беларусь выдае мігрантам візы, пасля прылёту ў краіну спецслужбы перакідаюць іх на мяжу і пакідаюць там. У выніку людзі не могуць ні трапіць у Еўразвяз, ні вярнуцца.
***
Кіраўнік Frontex Фабрыс Легеры папярэдзіў, што Еўразвяз павінен рыхтавацца да далейшых міграцыйных крызісаў, падобных да крызісу на польска-беларускай мяжы, які «можа з’явіцца даволі хутка».
– Гэта павінна адкрыць вочы ўсім тым, хто яшчэ не зразумеў, што міграцыйныя патокі можна выкарыстоўваць у палітычных мэтах, – падкрэсліў ён. Ён таксама паведаміў, што Frontex працуе з Варшавай, каб ажыццявіць да 1700 рэпатрыяцый у Ірак.
Фота: parismatch.be
***
Самалёт для эвакуацыі іракскіх мігрантаў з Беларусі вылецеў з Багдада ў Менск, паведамляецца на сайце беларускага аэрапорта. Паводле звестак анлайн-табло аэрапорта „Менск”, самалёт іракскай авіякампаніі Iraqi Airways цяпер знаходзіцца ў палёце ў беларускі аэрапорт, дзе, як чакаецца, прызямліцца ў 12.45. Згодна з раскладам, вылет самалёта ў Ірак ужо з мігрантамі на борце запланаваны на 13.45, на гэты рэйс ужо адкрыта рэгістрацыя.
Раней консул Ірака ў Расеі Маджыд аль-Кілані паведаміў агенцтву РІА Новости, што першы авіярэйс па вывазу іракскіх мігрантаў з ліку тых, хто спрабаваў трапіць у Еўразвяз з Беларусі, адбудзецца ў чацвер. МЗС Ірака заявіў, што зарэгістраваў 430 заявак жадаючых вярнуцца на радзіму грамадзян, якія захраслі каля мяжы Беларусі з краінамі Еўразвязу.
***
Міністэрства абароны Польшчы паказала, як выглядала сітуацыя ў Кузніцы ўначы. Мігранты вандравалі і палілі вогнішчы побач з памежным пераходам, пра новыя спробы прарыву мяжы пакуль польскія службы не паведамляюць.
Напярэдадні памежная служба Польшчы паведаміла, што мігранты пакідаюць месца на беларуска-польскай мяжы.
Тым часам Польшча спрабавала дамовіцца з Беларуссю, каб даслаць на мяжу гуманітарны канвой, але афіцыйны Менск адказаў на гэтыя запыты агрэсіяй. Пра гэта заявіў прэс-сакратар Міністэрства замежных справаў Польшчы Лукаш Ясіна.
«Накіравалі ў Беларусь ноты, лісты, калі хацелі даслаць гуманітарныя канвоі. Але адказу Беларусі не пачулі, апроч тых адказаў, якімі нас атакавалі», – сказаў Лукаш Ясіна.
Ён падкрэсліў, што для Польшчы Аляксандр Лукашэнка застаецца нелегітымным прэзідэнтам і ніякія перамовы з ім немагчымыя. Перамовы могуць адбыцца толькі на ўзроўні дыпламатаў, заявіў прадстаўнік польскага МЗС.
***
Як паведамілі польскія памежнікі, за мінулы дзень, 17 лістапада, на мяжы зафіксавана 501 спроба незаконнага перасячэння гэтага ўчастка. Супрацоўнікамі памежнай службы Польшчы вынесена 31 пастанова аб выездзе з тэрыторыі Рэспублікі Польшча.
Было некалькі спробаў гвалтоўнага перасячэння мяжы вялікімі групамі замежнікаў — адна з іх налічвала каля 500 чалавек.
***
Як паведаміла паліцыя Падляшша, учора пад Полаўцамі напалі на афіцэраў польскай паліцыі. Мужчыны, апранутыя ў беларускую форму, кідалі ў паліцыянтаў камяні. Паліцыянт з @KWPwSzczecinie
быў удараны каменем. Гэта чарговая атака, інспіраваная беларускім бокам.
***
Памежнае ведамства Польшчы паведамляе аб тым, што на памежным пераходзе Брузгі пастаўлены новы намётавы лагер мігрантаў.
Паводле інфармацыі польскага боку, у старым лагеры за некалькі сотняў метраў яшчэ засталіся людзі, усяго ж у гэтым раёне каля тысячы мігрантаў, астатніх забралі памежнікі Беларусі.
Нагадаем, напярэдадні сейм Польшчы ўхваліў папраўку ў закон аб дзяржаўнай мяжы, якая дазваляе цалкам закрываць для наведвання памежную зону. Як паведамляе прэс-служба Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі, за гэтае рашэнне прагаласавалі 245 дэпутатаў Сейма, супраць — 167. Яшчэ 25 устрымаліся.
У бліжэйшыя дні змены абмяркуюць і ў Сенаце. Змены ў заканадаўства ўносяцца на фоне міграцыйнага крызісу на мяжы Беларусі і краін Еўразвязу — Польшчы і Літвы.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: БелТА
***
Як паведаміла Міністэрства абароны Польшчы, сёння ўвечары з беларускага боку спрабавалі незаконна перасекчы мяжу ў Дубічах Царкоўных. Групу, якая складалася прыкладна са 100 мігрантаў, затрымалі польскія службы.
***
«Дзень прапаганды беларускага рэжыму», — так ахарактарызаваў падзеі серады на мяжы прэс-сакратар галоўнакамандуючага паліцыі інспектар Марыюш Цярка.
Ён адзначыў, што ў сераду ў раёне памежнага пераходу Кузніца-Брузгі сабралося шмат беларускіх і расейскіх журналістаў, якія запісвалі сцэны, зладжаныя і пастаўленыя беларускімі службамі.
«Нічога падобнага ў гэтым лагеры раней не бачылі», — дадаў прадстаўнік польскай паліцыі.
«Спачатку на баку Беларусі былі пастаўленыя аўтобусы, якія, верагодна, павінны былі паказаць, што тым, хто выштурхоўваецца да мяжы, прапанавалі магчымасць пакінуць мяжу. Безумоўна, такой магчымасці ім не давалі, і гэта было арганізавана толькі для патрэбы журналістаў», – патлумачыў Цярка.
Прэс-сакратар сказаў, што таксама было шмат выпадкаў, калі жанчын і дзяцей падводзілі да памежнай агароджы, фатаграфавалі, а потым вярталі ў палаткі. Пазней перасяленцам раздавалі пасылкі, каб усё знялі тэлебачанне і фотакарэспандэнты. Таксама ў інтэрнэце з’явілі відэакадры на якіх бачна, як беларускія сілавікі прымусілі мігрантаў стаць на калені і крычаць „Help Poland!”
Беларускае Радыё Рацыя