Рэжым спрошчанага пераходу на мяжы з Украінай могуць ліквідаваць
Рэжым спрошчанага памежнага пераходу, што дзейнічае на мяжы Ровенскай і Берасцейскай вобласці для грамадзянаў Украіны, можа быць зліквідаваны.
Рэжым спрошчанага пропуску праз украінска-беларускую мяжу дзейнічае на Ровеншчыне з 2011 года і тычыцца памежных пунктаў пропуску «Беразовэ», «Дроздынь» і “Познань”. Гэты рэжым распаўсюджваецца толькі на жыхароў поўначы Ровеншчыны, якія традыцыйна збіраюць грыбы і ягады ў сумежных беларускіх лясах. Усяго магчымасцю перайсці ўкраінска-беларускую мяжу па спрошчанай схеме скарысталіся 176 тысяч разоў.
Але ж у апошнія часы беларускія памежнікі скардзяцца на масавае браканьерства з боку ўкраінскіх гасцей, найперш – на незаконную нарыхтоўку дроваў. Украінскія памежнікі аператыўна адрэагавалі на просьбу беларускіх калегаў. «Дзяржаўная памежная служба Украіны заклікае ўсіх грамадзянаў прытрымлівацца беларускага заканадаўства і не дапускаць правапарушэнняў», — гаворыцца ў звароце прэс-службы Луцкага памежнага атрада.
У Дзяржаўнай памежнай службе Украіны не выключаюць, што калі масавае браканьерства ў памежнай зоне не спыніцца, беларускі бок можа ўвогуле зліквідаваць рэжым спрошчанага памежнага пераходу ў Ровенскай вобласці.
Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя