Роберт Тышкевіч: Адмена віз на закупы адмоўна адаб’ецца на Падляшшы
З другога студзеня польскі ўрад скасаваў візы на закупы для грамадзян Беларусі. Рашэнне з абурэннем успрынялі палітыкі апазіцыйнай польскаму ўраду Грамадзянскай Платформы.
Гэта безумоўна адмоўна адаб’ецца на Падляшскай эканоміцы ды памежнай супрацы, гаворыць пасол у Польскі Сойм Роберт Тышкевіч:
– Мы вельмі занепакоены пабудовай такой жалезнай заслоны паміж Польшчай і Беларуссю. Заслоны, якая робіць немагчымым свабоднае перамяшчэнне тавараў і людзей. Мажлівасць свабоднага гандлю паміж грамадзянамі Беларусі і грамадзянамі Польшчы.
Наступствамі рашэння польскага ўраду ды ўладаў Беларусі наконт змяншэння колькасці тавараў, якія можна правезці праз мяжу, занепакоеныя і ўлады Беластока. Гаворыць намеснік прэзідэнта Беластока Збігнеў Нікітаровіч:
– Гэта праект ліквідацыі памежнай гандлёвай турыстыкі ва Усходняй Польшчы. Амаль мільярд злотых пакідалі тут грамадзяне Беларусі штогод. Беларускі бок увёў новыя ліміты, якія датычацца мажлівасці правозіць праз мяжу закупы, зробленыя ў Польшчы грамадзянамі Беларусі: у тры разы меншы кошт і ў два разы меншая вага.
Пасол Роберт Тышкевіч звярнуўся да міністра замежных спраў Яцэка Чапутовіча з запытам, што спрычынілася да скасавання візаў на закупы, а таксама як міністр ацэньвае эканамічныя наступствы такога рашэння. Па сённяшні дзень міністэрства такой інфармацыі не прадставіла.
Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле:
Беларускае Радыё Рацыя
Фота Аляксея Лапіцкага