Роберт Тышкевіч: У пытаннях дэмакратыі нічога ў Беларусі істотна не змянілася



«У пытаннях дэмакратыі нічога ў Беларусі істотна не змянілася», – заявіў у інтэрв’ю для нашага радыё дэпутат польскага Сейму ад партыі «Грамадзянская платформа», сустаршыня парламенцкай групы ў пытаннях Беларусі, Роберт Тышкевіч. На яго думку, крыху зменшыўся ўзровень рэпрэсій і ў краіне практычна няма палітычных вязняў, аднак Беларусі трэба рабіць далейшыя крокі ў напрамку агульнаеўрапейскіх каштоўнасцяў.

На фота: Роберт Тышкевіч  – у цэнтры

Кажа палітык:

Мы цярпліва, але будзем нагадваць Беларусі, што нідзе ў свеце не атрымалася пабудаваць дзяржаву дабрабыту і заможнасці без дэмакратыі. Гэта ўсё ж звязаныя з сабою каштоўнасці, і гэта нам паказала ўся гісторыя Еўропы: дэмакратыя, свабодныя выбары, свабодная прэса, самакіраванне як спосаб кіравання лакальнай супольнасцю – гэта найлепшыя спосабы, каб краіна развівалася, а людзі жылі лепей і былі больш багатымі.

Роберт Тышкевіч зноў балатуецца ў польскі Сейм, гэтым разам ён першы ў спісе выбарчага камітэту «Грамадзянская кааліцыя». Сярод шасці асноўных пунктаў выбарчай праграмы падляшскіх структур кааліцыі – «Адкрыццё на Усход». А гэта не толькі пытанні вяртання так званых «віз на закупы» і малога памежнага руху, – тлумачыць палітык:

– Мы павінны мець больш шырокую перспектыву. Мы павінны гаварыць пра бязвізавы рух з Беларуссю. Гэта ў інтарэсах Польшчы, у інтарэсах Падляшша асабліва, каб з нашым суседам з-за ўсходняй мяжы мець гэты бязвізавы рух. Лічу, што трэба размаўляць і з уладамі Беларусі па гэтым пытанні, трэба размаўляць і з Еўразвязам, і трэба сабе такую смелую, адважную мэту паставіць.

Як дадае палітык, меркавалася, што першым крокам да бязвізавага рэжыму з Беларуссю стане малы памежны рух, які мог бы ахапіць каля мільёна грамадзян Беларусі і прыкладна 800 тысяч грамадзян Польшчы ў памежным рэгіёне. На жаль, беларускі бок так і не выканаў канчатковых крокаў у гэтым напрамку. Роберт Тышкевіч запэўнівае, што для яго палітычнай сілы, у выпадку прыходу да ўлады, адкрыццё мяжы стане адным з прыярытэтаў.

Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя