Робэрт Тышкевіч: Выезд Святланы Ціханоўскай не зменшыць актыўнасці пратэсту
Кандыдатка ў прэзідэнты Беларусі Святлана Ціханоўская з’ехала ў Літву. Пра гэта ў Твітэры паведаміў міністр замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус. Паводле міністра, з ёй цяпер усё ў парадку.
Дэпутат польскага Сэйму Робэрт Тышкевіч так пракаментаваў гэтае рашэнне:
– Можа быць Святлана Ціханоўская вырашыла, што ёй так будзе прасцей кантактаваць з арганізатарамі пратэстаў з Літвы, а не з кватэры ў Менску, якая аточана АМОНам, не дае ёй ніякай магчымасць уплываць на тое, што ў Беларусі адбываецца. Так часам бывае, што выезд з краіны не служыць таму, каб уцячы ад адказнасці, а наадварот, каб гэтую адказнасць у лепшы спосаб рэалізаваць. Хаця, відавочна, найлепш каб лідар быў як найбліжэй да людзей.
Апошні раз такія вялікія пратэсты ў Беларусі назіраліся ў 90-ых гадах. Тады на заклік лідара БНФ Зянона Пазьняка тысячы людзей выходзілі на вуліцы, патрабуючы перамен. Зянон Пазьняк, баючыся за сваё жыццё, з’ехаў тады за мяжу. Гэты сцэнар не паўторыцца, – кажа Робэрт Тышкевіч.
– Гэты рух не каардынуе адзін кіраўнік, які дае загады. Гэта спантанічны выступ грамадства. Гэта абуджэнне грамадзянаў, і яны робяць што могуць у сваіх рэгіёнах. Калі не могуць дабрацца да Менску, то робяць гэта ў Гародні, Лідзе, Магілёве, Берасці. Гэта нараджэнне новага грамадскага руху, які народзіць новых лідараў, лідараў лакальных. І таму выезд Святланы Ціханоўскай не зменшыць актыўнасці пратэсту, не зменіць дынамікі таго руху, бо робяць яго звыклыя людзі, робяць гэта з патрэбы сэрца.
10 жніўня Святлана Ціханоўская разам з прадстаўнікамі аб’яднанага штабу пайшла падаваць у Цэнтральную выбарчую камісію скаргу аб парушэннях падчас правядзення выбараў. Скаргу зарэгістравалі, паведаміў пасля сустрэчы адвакат Віктара Бабарыкі Максім Знак. Кандыдатку ў прэзідэнты нібыта папярэдзілі пра недапушчальнасць дзеянняў, якія спрыяюць масавым беспарадкам.
Валя Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя