«Роднае слова» ў Беластоку
У канцэртнай залі Таварыства беларускай культуры ў Беластоку прайшоў павятовы этап літаратурнага конкурсу дэкламатарскага мастацтва «Роднае слова».

Заключны этап штогадовага конкурсу, які праходзіў ужо ў 51-ы раз, сабраў больш за 60 удзельнікаў – пачынаючы ад вучняў дашкольных навучальных устаноў і заканчваючы вучнямі 7-8 класаў школ з Беластока, Гарадка, Залукаў і Шудзялова.
Гаворыць старшыня камісіі конкурсу – Юры Баена:
– Вучні, настаўнікі, бацькі падышлі сур’ёзна да конкурсу. Гэтым выказваецца вялікая пашана да роднай мовы, да беларускага слова. Дзеці ўсе прыгожа былі апранутыя, у некаторых былі пэўныя элементы нацыянальнага беларускага ўбору. Гэта сведчыць пра тое, што сапраўды ў нас з пашанай ставяцца да беларускага слова.
Сярод навучальных устаноў найбольш было ўдзельнікаў і пераможцаў конкурсу з дзіцячага садка нумар 14 і школы імя святых Кірыла і Мяфодзія. Таксама з меншых навучальных устаноў пераможцамі выдзелілася пачатковая школа ў Залуках.
Аналагічныя конкурсы «Роднае слова» праходзяць таксама і ў іншых мясцовасцях Падляшша – у Бельску, Гайнаўцы і Орлі.






Беларускае Радыё Рацыя
