Рок-фестываль «Музыка без засцярог» у Гайнаўцы
У Гайнаўцы пры Музеі і асяродку беларускай культуры адбыўся традыцыйны рок-фестываль «Музыка без засцярог».
Гэта была другая яго эдыцыя ў гэтым годзе. А агулам фэст у Гайнаўцы ладзіцца ўжо на працягу больш чым 20 гадоў. Гаворыць яго шматгадовы арганізатар – Томаш Ціханюк:
-Ідэя, каб на адной сцэне зайгралі добрыя гурты – польскія, а таксама беларускія. Мы стараемся, каб штогод так было. Таксама, каб гэтыя гурты прыцягнулі такую ж публіку – беларуска-польскую. Каб яднаў іх рок-н-рол. Ці будзе гэта панк, ці метал, ці рокавыя гурты. Прыходзяць людзі не толькі з Гайнаўкі, прыязджаюць з Гайнаўшчыны, з навакольных гарадоў, а таксама прыязджаюць з Польшчы і з-за мяжы.
Беларускую рок-музыку гэтым разам, сярод іншага, прадстаўлялі – малады падляшскі гурт «Вандроўнік» ды ветэраны беларускай метал-сцэны – гурт Znich.
Гаворыць лідар апошняга – Алесь Таболіч:
-Палякі вельмі добра ставяцца да меншасцяў, да беларусаў, якія падтрымліваюць беларускую культуру. Такога няма ў Беларусі, каб падтрымлівалі так палякаў. Мы павінны імкнуцца знаходзіць кропкі тых падзей, якія нас аб’ядноўваюць. Трэба вяртацца да каранёў Вялікага княства Літоўскага ці Рэчы Паспалітай.
Агулам у рок-фестывалі «Музыка без засцярог» у Гайнаўцы за ўсе гады бралі ўдзел больш сямі дзясяткаў розных гуртоў. З іх трэцяя частка – беларускія рок-гурты з Падляшша ды Беларусі.
Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя