Роварны рэйд “Дзве краіны – адна пушча”



Беластоцкі турыстычны роварны клуб “Эскапада” ўжо шмат гадоў супрацоўнічае з рознымі роварнымі клубамі Берасцейшчыны і Гарадзеншчыны. На іх рахунку дзясяткі мерапрыемстваў, арганізаваных па абодва бакі мяжы. Палякі адкрываюць для сябе Беларусь, роўна як і беларусы маюць магчымасць, дзякуючы сябрам, наведаць тыя месцы ў Польшчы, якія не пазначаны на турыстычных мапах. 17 – 19 жніўня адбудзецца Роварны рэйд пад назвай “Дзве краіны – адна пушча”.

Кажа арганізатар мерапрыемства Марцін Купрыцюк:

– Ёсць адна пушча, падзеленая мяжой. Мы хочам яе аб’яднаць. Мы пачынаем у Белавежы. І рухаемся ў бок Беларусі. І там разам з беларусамі паедзем  па цудоўнай Белавежскай пушчы. Нашы калегі з беларускага роваранага клубу ведаюць усе адметныя турыстычныя мясціны Белавежскай пушчы з беларускага боку. Куды варта паехаць, што варта пабачыць і колькі часу гэта зойме.

Каб далучыцца да клубу і мець інфармацыю наконт чарговых роварных мерапрыемтсваў, якія арганізуе клуб „Эскапада” сумесна з беларускімі сябрамі, дастаткова знайсці на фэйсбуку старонку ESKAPADA Klub Turystyki Rowerowej і палюбіць яе.

Наступны роварны рэйд будзе доўжыцца тыдзень, і адбудзецца на пачатку верасня. Гэтым разам удзельнікі клубу запрашаюць наведаць Швецыю.

Мілана Вераснёва, Беларускае Радыё Рацыя

Фота Belarus.by