Розныя праявы беларускай салідарнасці



Беларуская дыяспара Беластоку збіраецца разам не толькі на палітычныя акцыі, але і ў выходныя дні на пікнікі. Беларусы гуртуюцца разам, і пры гэтым падтрымліваюць адзін аднаго, у тым ліку фінансава. 

Беларуская салідарнасць мае самыя розныя праявы. Гэта і салідарныя дзеянні на палітычных акцыях, і салідарная падтрымка зняволеных па палітычных матывах, і салідарная падтрымка незалежных культурніцкіх праектаў і “забароненых” музыкаў, гэта і сотні і тысячы лістоў, накіраваных за краты з надзеяй, што яны дойдуць да адрасатаў і падтрымаюць іх у цяжкія хвіліны. Прыкладаў вельмі шмат. Яны ёсць агульнабеларускія і больш дробныя, лакальныя.

Але беларуская салідарнасць выразна цяпер заўважная і па-за межамі Беларусі, дзе прадстаўнікі дыяспары ладзілі і надалей ладзяць акцыі падтрымкі для суайчыннікаў, пікетуюць беларускія пасольствы і консульствы, арганізуюць дапамогу тым, хто вымушана ўцякаў з роднай краіны і патрабуе прытулку, а часта ежы і адзення. Яшчэ адзін цікавы прыклад салідарнасці можна цяпер назіраць у супольнасці беларусаў Беластока. Нельга сказаць дакладна, колькі беларусаў прыехала ў сталіцу Падляшша, пачынаючы з падзей жніўня 2020 года, але дакладна іх вельмі многа. А паколькі людзі апынаюцца ў чужой краіне, у чужым пакуль яшчэ асяроддзі, дзе няма сяброў і блізкіх людзей, то і гуртуюцца разам, пры гэтым не толькі на акцыях, але і ў выходныя дні. Ладзяць роварныя паездкі, супольнае “маржаванне”, альбо і беларускі пікнік. Да таго ж у сацыяльных сетках заіснавала цікавая ініцыятыва, як дапамагаць адзін аднаму. Бо ж беларусы-эмігранты – розныя, розных узростаў і прафесій. Ёсць кулінары і цырульнікі, ёсць будаўнікі і кіроўцы, ёсць псіхолагі і педагогі. Ужо многія бачылі ў Беластоку аўтамабіль на беларускіх нумарах з рэкламай паслуг аўтамайстэрні і гэтык далей. Таму і гучыць заклік, калі ўжо нешта трэба, то карыстацца паслугамі сваіх суайчыннікаў. Гэта і праява салідарнасці, але таксама і фінансавая падтрымка адзін аднаго. А што яшчэ цікава, з’явілася шырокая кола самых разнастайных прапаноў. Любіце пельмені, але не ведаеце, дзе іх у Беластоку купіць і ці можна ўвогуле купіць? Дык вось вам прапанова: хатнія пельмені прадаюцца на вагу. На святы хочацца пірагоў і булачак з макам, але займацца выпечкай няма часу альбо і ўмення? Калі ласка, можаце замовіць булкі, пірагі, кулічы і з начынкамі на любы густ. Падрапалі машыну, а хочаце, каб яна добра выглядала? Дык навошта каго шукаць, заглядайце ў суполку беларусаў Беластока і там знойдзеце шмат чаго неабходнага: ад манікюру – да псіхалагічнай падтрымкі.

Так што салідарнасць – яна сапраўды вельмі розная. Галоўнае, каб яна не стала толькі часовай з’явай.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: facebook.com/groups/belastok