Рудаўка-Лясная на Аўгустоўскім канале ўсё ж змяніць свой статус?
Беларуска-польскі пункт пропуску на Аўгустоўскім канале мае змяніць свой статус яшчэ ў гэтым сезоне. Калі цяпер турыстычны пераход Рудаўка-Лясная адкрыты толькі для водных турыстаў, то мае стаць даступным таксама для пешых і раварыстаў.
“Беларускі бок абяцае падпісаць усе неабходныя дакументы да канца чэрвеня гэтага году”, – кажа прэс-сакратар Маршалкоўскай управы Падляшскага ваяводства Уршуля Артэр:
– На гэты момант мы не маем ніякай афіцыйнай інфармацыя пра падпісанне адпаведных дакументаў. Але ў той жа час мы спадзяемся, што беларускі бок выканае сваё абяцанне, і пункт пропуску ў Рудаўцы зменіць свой статус з воднага – на водна-пешы да канца чэрвеня. Хоць непасрэдна пытаннямі пункту пропуску ўжо займаецца не маршалкоўская, а ваяводскага ўправа, тым не менш, мы ў першую чаргу, безумоўна, атрымліваем усю інфармацыю.
Вядома, што пытанне змены статуса воднага пункту пропуску Рудаўка-Лясная абмяркоўвалася ў час нядаўняга візіту прадстаўнікоў органаў самакіравання Падляшша ў Менск і Гародню. Таксама 30-га красавіка Аўгустаў наведаў кіраўнік Гарадзенскай вобласці Уладзімір Краўцоў.
Польска-беларускі сезонны водны пункт пропуску Рудаўка-Лясная месціцца на Аўгустоўскім канале, і на гэты момант у яго склад уваходзіць памежная пляцоўка з беларускага боку, памежны шлюз Кужынец і перашыек для праплыву байдарак.
Варта дадаць, што раней з’явілася інфармацыя пра ўвядзенне бязвізавага руху на Аўгустоўскім канале на прыкладзе такога руху ў беларускай частцы Белавежскай пушчы яшчэ ў гэтым годзе. Аднак, падкрэсліла Уршуля Артэр, у гэтым пытанні таксама яшчэ няма падпісаных дакументаў.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя.