Рушыла 29-я пілігрымка на Святую гару Грабарку



З Саколкі рушыла 29-е паломніцтва на Святую гару Грабарку.

Пілігрымы, пасля малітвы ў царкве святога Аляксандра Неўскага, пачалі 6-дзённае падарожжа на праваслаўную “Гару крыжоў”. Сёлета ўдзельнікі паломніцтва пройдуць больш за 150 кіламетраў:

– Гэта сапраўдная падзея ў жыцці кожнага паломніка. Трэба змірыцца з тым, што штосьці будзе балець, што штосьці будзе дакучаць.

– Мы ідзём туды з крыжом і там гэты крыж пакідаем. І гэта цікава. У нас у Менску няма такога святога месца, куды б можна было занесці свой крыж.

– Кожны з нас ідзе і мае ў галаве нейкія просьбы, якія хоча данесці да Бога на Святую гару Грабарку. Так як я зараз жыву ў Варшаве, то я часам сумую па нашай Беласточчыне. Ідучы праз гэтыя вёскі, мястэчкі, можна зноў адчуць сябе на сваёй малой Бацькаўшчыне.

Удзельнікі пілігрымкі будуць на Гары Грабарцы ў суботу, каб духоўна падрыхтавацца да свята Праабражэння Гасподняга.

Свяцілішча ў Грабарцы з’яўляецца самым важным месцам для ўсіх праваслаўных у Польшчы. 

Уля Шубзда, Беларускае Радыё Рацыя