Руслан Кулевіч пра свае кнігі, затрыманне ды ўцёкі
„Самы хуткі журналіст Гародні” – так нашага сённяшняга госця Руслана Кулевіча яшчэ нядаўна прадстаўлялі і такім яго ведалі.
Усё змянілася пасля прэзідэнцкіх выбараў. Затрыманне, збіццё, суд. Як вынік – зламаныя рукі, пераслед і псіхалагічны шок, а таксама вымушаная эміграцыя ў Рыгу, а пазней у Беласток.
РР: Як Беласток прыняў вас?
– Тут шмат знаёмых журналістаў, якія зараз дапамагаюць з рознымі дакументамі. Я зараз і працу шукаю, таксама дапамагаюць. Калі шчыра, то ўсе дапамагаюць і не было, каб хтосьці адмовіў, або не дапамог чымсьці, тут праблем няма. У цэлым Беласток вядомае месца для гарадзенцаў. Як у нас у Гародні кажуць: „Беласток – гэта не замежжа”. Больш за ўсё Беласток здзівіў мяне сваімі роварнымі сцежкамі. Такіх роварных сцежак я нідзе не бачыў.
РР: Вы прынеслі свае кнігі, дзе сабраныя ўспаміны карэнных гарадзенцаў, якія засталіся ў Гародні. Ведаю, што гэтая праца ў Беластоку таксама працягваецца.
– Так, я працую зараз над трэцяй кнігай і над чацвёртай. Трэцюю кнігу я павінен быў выпусціць у 2020 годзе, яна мае назву „Гарадзенцы здалёк”. З 2017 года я запісваў у Гародні гісторыі тых людзей, якія прыязджалі ў наш горад шукаць магілы сваіх продкаў ці дамы. Гэта ў асноўным гарадзенскія габрэі, якія з’ехалі да вайны, ці выжылі ў гета і пасля вайны з’ехалі ў Амерыку ці нейкія краіны. Вось гэтую кнігу планаваў выпусціць у 2020 годзе „Гарадзенцы здалёк”. Я зараз працую над трэцяй кнігай успамінаў, гэта ўжо будзе апошняя частка і будзе называцца „Апошнія сведкі старой Гародні”, планаваў выпусціць гэтую кнігу ў 2020 ці ў 2021 годзе. Я разумею, што праца будзе на 2-3 гады расцягнута, бо я не магу зараз у Гародні працаваць. Праз інтэрнэт гэта ўсё цяжка рабіць. Я не сумую, пачаў шукаць рэпатрыянтаў у Беластоку, у Варшаве, абзвоньваю дамы састарэлых, саюзы крэсавякаў, шукаю гарадзенцаў. Больш за ўсё напэўна працуе сарафаннае радыё. Кажуць: „Вось каля нас жыве гарадзенец. Ён з’ехаў у 1945 годзе, прыедзе да нас”. На днях у мяне выйшаў артыкул пра гарадзенку, якая з’ехала ў 1945 годзе з мамай у Беласток. Родны горад яна ведае толькі па фотаздымках. У яе багаты архіў, там сумная гісторыя, але гэтую гісторыю павінны ведаць у Гародні, што так было. Яшчэ я планую перакласці на польскую мову дзве свае кнігі, бо тут ёсць цікавасць у палякаў, яны цікавяцца гісторыяй. Я шукаю нейкую фундацыю, можа хтосьці захоча перакласці на польскую мову, хто знаёмы з гісторыяй Гародні, Беларусі, а таксама Польшчы. Кнігі будуць цікавыя, шмат старых фотаздымкаў. Я лічу, што гэтыя мае кнігі цікавыя беларусам і палякам, бо гэта гісторыя двух народаў. Я расказваю пра міжваенны час, як выглядала нямецкая акупацыя, першыя саветы, другія саветы, як гарадзенцы былі вымушаныя з’язджаць.
РР: Сумуеце па родным горадзе?
– Так, сумую. Уся праца была завязана менавіта на Гародні. Я адкідваў адразу іншыя тэмы, калі мяне клікалі ехаць працаваць у раён ці вобласць, нават у Менск. Я кажу, што я працую для Гародні, гэта мой горад і ў мяне ёсць місія пісаць пра гарадзенскія навіны. Я з’ехаў з Гародні на піку сваёй папулярнасці. Я планаваў выдаць дзве кнігі, нават тры. У мяне яшчэ была такая замова, напісаць пра гісторыю футболу ў Гародні. Я пачаў шукаць вытокі футболу ў Гародні і знайшоў шмат цікавага, таксама планаваў гэтую кнігу, планаваў зрабіць свой музей. Я ўжо знайшоў падвал, такі склеп для музея. Я за чатыры гады назбіраў вельмі шмат старых здымкаў, шмат рэчаў па гісторыі горада. Планаваў вось гэта ўсё неяк паказваць, папулярызаваць. Галоўная задача была зрабіць так, каб гарадзенцы цікавіліся сваімі каранямі.
РР: Вяртаецеся да падзей жніўня? Пра нешта шкадуеце?
– Я лічу, што мяне затрымалі за маю актыўнасць. Усе журналісты пыталіся: „Руслан, чаму цябе не затрымліваюць?”. Я кажу: „Я працую, я стараюся не шукаць ворагаў”. У мяне былі знаёмыя з міліцыі, якія нават мае кнігі замаўлялі. Такіх праблем не было ніколі, але 9-га жніўня пачалося паляванне на журналістаў у Гародні. Многіх тады затрымалі на Савецкай плошчы, мне ўдалося ўцячы. Затрымалі 11-га жніўня ў краме, калі я хаваўся там з жонкай. Тры, або чатыры машыны прыехалі, у масках заляцелі ў гэтую краму, выцягнулі менавіта мяне і маю жонку ды двух супрацоўнікаў. Я быў у камізэльцы „Прэса” з фотаапаратам, жонка была побач, два ровары стаялі. Лічу, што гэта была адмысловая аперацыя па майму затрыманню. Я размаўляў з адным міліцыянтам, ён казаў, што быў такі загад: „Надаць значэнне затрыманню Кулевіча”. То бок так вось казалі. Я не зрабіў нічога дрэннага, каб са мной так паступілі. Я сябраваў з мэрам горада, казаў яму: „Калі мяне затрымаюць, то вы ведаеце маю працу, ведаеце чым я займаюся, дапаможаце?”. „Так, дапамагу, вось нумар”. Я, калі быў у аўтазаку, тэлефанаваў кіраўніцтву горада, нічога не зрабілі. Тэлефанавалі ў прэс-службу УУС, нічога не зрабілі, хаця яны казалі, што штосьці спрабавалі зрабіць. У выніку далі мне 7 сутак арышту, ну і закрылі мяне. Жонку адпусцілі ноччу. Я нават не ведаў, што з ёй. Яна таксама не ведала, што са мной. Казалі, што мяне там збіваюць, але збілі толькі пры затрыманні. Ён крычаў: „З-за такіх журналістаў у краіне вайна. Была б мая воля я б вас забіваў!”. Я працую ў Гародні амаль 10 гадоў і ўсе мяне ведаюць. Быў загад прыбраць журналістаў, ну вось і прыбралі.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя