Руслан Кулевіч прэзентаваў у Беластоку свае кнігі



Гарадзенскі журналіст, які вымушана пакінуў родны горад, працягвае сваю працу і збірае ўспаміны старажылаў.

У сталіцы Падляшша ён упершыню расказаў аб працы над дзвюма сваімі кнігамі: “Горад адзін, успаміны розныя” і “Гісторыі з гарадзенскіх вуліц”:

Руслан Кулевіч:

– Гэта першая прэзентацыя ў Беластоку маіх дзвюх беларускамоўных кніг, якія я выпусціў у Гародні ў 2019-2020 гадах. Мяне запрасіў Паша Міцкевіч з фонду “Акно на Усход” і Інстытут культуры ў Беластоку, і мне вельмі прыемна. Спадзяюся, што праз два месяцы мы зробім тур па Польшчы з ужо польскамоўнай кнігай, зараз мы займаемся перакладам. Калі першыя мае дзве кнігі мы перакладзем на польскую мову, то, магчыма, у наступным годзе я выпушчу кнігу “Гродзенцы здалёк”, якую я планаваў у Гародні выпусціць, але з прычыны палітычнай сітуацыі не паспеў, а таксама я планую выпусціць кнігу пра гісторыю гарадзенскага футбола, бо я шмат цікавых гісторый накапаў за апошнія пяць гадоў.

Станіслава Хацяноўская (госця мерапрыемства і адна з суразмоўцаў Руслана Кулевіча):

– Я паходжу з Гародні, хоць там я толькі фактычна нарадзілася, бо ў 1945 годзе мая сям’я прыехала ўжо ў Беласток. Але пэўны час мы жылі ў Гародні, там мая мама выйшла замуж, нарадзіла мяне, потым пасля смерці мужа, майго бацькі, нарадзіўся і мой брат. Такая мая кароткая гісторыя.

РР: Вы былі ў Гародні ўжо ў дарослым узросце?

Станіслава Хацяноўская: Не, яшчэ не была. Мы акурат з дачкой збіраліся паехаць, дзякуючы Руслану. Але потым пачалася эпідэмія і выезды спыніліся. Пакуль не была ў Гародні і вельмі шкадую пра гэта.

Руслан Кулевіч просіць асоб, якія маюць сямейныя гісторыі, звязаныя з Гародняй, звяртацца да яго і дзяліцца сваімі ўспамінамі. Прэзентацыя кніг журналіста прайшла ў Падляшскім інстытуце культуры.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя