Руслан Кулевіч: Рэстаран «Grodno» ў Беластоку варта аздобіць старымі здымкамі Гародні



Гарадзенскі журналіст Руслан Кулевіч, які зараз вымушана жыве ў Беластоку, звярнуўся да кіраўніцтва беластоцкага рэстарана «Grodno» з прапановай праводзіць у іх памяшканні культурныя мерапрыемствы.

Напрыклад, ён гатовы арганізаваць у рэстаране фотавыставу старых здымкаў Гародні.

Кажа Руслан Кулевіч:

– Я сустракаўся з кіраўніком гэтай установы і хацеў наладзіць супрацоўніцтва, каб я, магчыма, нейкую выставу там зрабіў, напрыклад, старыя здымкі Гародні там павесіць. Каб не толькі назва «Grodno» была, але і ўнутры было штосьці. Бо гарады-пабрацімы рабілі гэтыя рэстараны – у Гародні зрабілі «Беласток», а у Беластоку «Grodno». Напрыклад, у Гародні аднавілі рэстаран «Беласток», там вісяць старыя фотаздымкі Беластока, як было ў 20-30 гадах. І я лічу, што і тут трэба такое зрабіць.

Руслан Кулевіч вядомы перадусім як укладальнік двух кніг ўспамінаў гарадзенцаў пра жыццё ў Гародні ў 20-30-х гадах. Журналіст падчас працы над кнігамі сабраў вялікі архіў старых здымкаў Гародні, з якіх можна рабіць цікавыя фотавыставы.

Рэстаран „Беласток” у Гародні. 70-ыя гады.

Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя