Руслан Кулевіч збірае матэрыялы на чарговую кнігу



Журналіст Руслан Кулевіч прыехаў у Беласток, каб сустрэцца з выхадцамі з Гародні.

Даследчык піша ўжо трэцюю кнігу па гісторыі Гародні і гатовы выехаць да людзей, якія могуць падзяліцца ўспамінамі ды старымі фотаздымкамі:

– У 2018 годзе выйшла першая кніга „Горад адзін, успаміны розныя”. У пачатку 2020 года выпусціў другую пад назвай „Гісторыя з гродзенскіх вуліц”. Я адмыслова ездзіў у экспедыцыю ў пошуках гарадзенцаў на польскае Памор’е. Я прыехаў у Эльблонг, Слупск, дзе некалькі чалавек адгукнулася. Я прыехаў да іх і запісаў гісторыі. У другой кнізе тры гісторыі рэпатрыянтаў. Ёсць гісторыя пра абаронцаў Гародні, разам з успамінамі я збіраю і фотаздымкі. Зараз працую над трэцяй кнігай успамінаў, пачаў збіраць фальклор – песні, вершы, якія яны вучылі ў школе.

Руслан Кулевіч адзначае, што гарадзенцы просяць уключаць у выданне болей фотаздымкаў. І гэта будзе ўлічана падчас друку трэцяй кнігі. Таксама ўжо ёсць задумы і для наступных кніг. У прыватнасці, гэта кнігі пра гарадзенскіх эмігрантаў і футбол:

– Яшчэ я займаюся праектам „Гарадзенцы здалёк”. Я запісваю гісторыі гарадзенскіх габрэяў, якія з’ехалі напачатку 20-га стагоддзя і ў 20-х, 30-х гадах, або пасля вайны – тыя, хто выжыў у гарадзенскім гета, будзе асобная кніга. Далейшыя планы – гэта кніга пра футбол. Мне пісалі нават са Штатаў, пісаў сын капітана габрэйскага „Макабі”, які з’ехаў на заробкі ў 30-х гадах.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Сваю працу даследчык папулярызуе праз сацыяльныя сеткі, напрыклад, праз Інстаграм. Некаторыя фотаздымкі Гародні, якія знайшоў Руслан Кулевіч, цягам доўгіх гадоў не маглі знайсці нават дасведчаныя калекцыянеры. Трэцюю кнігу таксама плануецца выпусціць з дапамогай збору грошай у інтэрнэце ад зацікаўленых. Такім чынам былі выпушчаныя і дзве папярэднія кнігі.

Беларускае Радыё Рацыя