Рына Нікова – біблейская балерына



Выстава гістарычных фатаздымкаў, звязаных з жыццём і творчасцю Рыны Ніковай, адкрылася ў Цэнтры Людвіка Заменгофа ў Беластоку.

Польшча стала другой краінай пасля Ізраіля, дзе былі прэзентаваныя фатаздымкі. А Беласток быў абраны невыпадкова. Даследчык гістарычнай фатаграфіі з Ізраіля, куратар выставы Гай Раз неаднаразова падкрэсліў, што імкнуўся прывезці ў Беласток нешта накшталт “капсулы часу”, каб прадставіць творчасць сусветна вядомай балерыны і балетмайстаркі, якая нарадзілася і вырасла ў Беластоку:

-Па-першае, Рына Нікова нарадзілася ў Беластоку ў 1898 годзе. Па-другое, я займаюся фатаграфіяй у Ізраілі, але думаю, што гэта фатаграфія ёсць важнай часткай гісторыі фатаграфіі свету. Таму, калі я маю мажлівасць паказаць ізраільскую фатаграфію дзе-небудзь у свеце, то раблю гэта.

Рына Нікова (сапраўднае імя і прозвішча Роза Рубіновіч) – вядомае імя ў гісторыі танца. Яна пачынала сваю кар’еру як прымабалерына ў лепшых пастаноўках Еўропы, Азіі і Амерыкі, а пазней у Ізраілі стварыла сваё ўласнае дзецішча – біблейскі балет, у якім аб’яднала класічную харэаграфію з элементамі арыентальных танцаў.

Кажа супрацоўніца Цэнтра імя Л. Заменгофа Агнешка Кайданоўска:

– Часта ўзгадваем братоў Каўфман, Людвіка Заменгофа. Аказваецца, што мы маем чарговую постаць неверагодна важную для гісторыі сусветнага і габрэйскага  танца, якая нарадзілася тут. Маю надзею, што паступова гэта гісторыя будзе раскрывацца, і мы даведаемся болей пра яе жыццё ў Беластоку, пра першыя 16 гадоў, якія, напэўна, яе фармавалі і вялі далей па сцежках жыцця.

На выставе прадстаўленыя фота і кароткаметражныя стужкі з танцавальнымі пастаноўкамі біблейскіх танцаў Рыны Ніковай, а таксама фота з балетаў і опер, у якіх яна танцавала, афішы ізраільскіх пастановак Ніковай, фота з дакументаў і з асабістага архіву балерыны. Выставу можна наведаць у Цэнтры Людвіка Заменгофа.

Ганна Комінч, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток