Рызыкнуў – і страціў аўтамабіль
Буйную кантрабанду выявілі польскія памежнікі ў беларуса, які спрабаваў увезці ў Польшчу цыгарэтаў на 65 тысяч злотых.
Здарэнне адбылося на памежным пераходзе ў Баброўніках – інфармуе прэс-сакратар Мытнай палаты ў Беластоку Мацей Чарнэцкі:
– Супрацоўнікі памежнай службы ў Баброўніках праверылі аўтамабіль Daewoo, якім кіраваў 31-гадовы грамадзянін Беларусі. Ён спрабаваў уехаць на тэрыторыю Польшчы праз зялёны калідор, якім едуць тыя, хто не мае нічога для дэкларавання. У час кантролю аказалася, што ўся машына запоўнена тытунёвай кантрабандай. Нелегальны тавар вартасцю больш за 65 тысяч злотых быў схаваны ў падлозе, парогах і сядзеннях аўтамабіля.
У дачыненні да беларускага кантрабандыста пачата крымінальная справа. Мытнікі канфіскавалі нелегальны тавар ды аўтамабіль, прыстасаваны да яго перавозу. Апроч таго, кантрабандысту пагражае буйны штраф.
[Not a valid template]
Ганна Мордань, Беларускае Радыё Рацыя
Фота Мытнай палаты ў Беластоку