Са Старым Новым годам!
З 13 па 14 студзеня праваслаўнае Падляшша сустракае Стары Новы год. Гістарычна гэты дзень называлі па-рознаму: Гагатуха, Багаты вечар, Маланка, Шчодры вечар.
Сваімі ўспамінамі пра тое, як раней падляшукі адзначалі гэтае свята, падзяліўся вядоўца Беларускага Радыё Рацыя Міхал Андрасюк:
– З дзяцінства памятаю як вечар шалёны, калі мы, дзецюкі, маглі рабіць што заўгодна – знесці камусьці фортачку і закінуць у глыбокі снег, сані на дах стадолы здаралася закінуць. Былі і высыпаныя саломай ці сенам сцежкі ад хлопца да дзяўчыны. Такім чынам заяўлялі ўсяму свету, што гэты хлопец ходзіць да гэтай дзяўчыны.
Сёлета з-за пандэміі Стары Новы год можа прайсці без калядоўшчыкаў і сустрэчаў з сябрамі. Таму Беларускае Радыё Рацыя запрашае ўсіх у бліжэйшую сераду а 20-й вечара па беларускім часе альбо а 18-й па польскім далучыцца да „Падляшскага канцэрту пажаданняў на Шчодры вечар”, каб павіншаваць родных і весела сустрэць Стары Новы год.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя