Саакашвілі збіраецца накіраваць “Ядвабны шлях” праз Украіну
Украіна мае намер рэанімаваць “Ядвабны шлях” з Усходу на Захад. Для гэтага трэба пераарыентаваць грузавыя таварныя плыні, якія ідуць у Еўропу з Кітая праз Расейскую Федэрацыю, на Адэскую вобласць.
Ідэя адрадзіць традыцыйны “Ядвабны шлях” належыць кіраўніку Адэскай вобласці Міхаілу Саакашвілі. Паводле яго словаў, таварныя плыні з Усходу на Захад і з Захаду на Усход можна перахапіць у Расеі, каб накіраваць іх праз порт Ільічэўск, што непадалёк Адэсы.
“Цяпер ёсць новы план – “Ядвабны шлях”. Рэальна лагістыка займае 30 дзён праз Расею, але праз Ільічэўск зойме максімум 9 дзён. Усё ўжо адбудавана. Трэба правесці вялікія плыні. І гэта магчыма, гэта існуе. Мы ўжо працуем”, – запэўніў Міхаіл Саакашвілі.
Планам адэскага губернатара могуць зашкодзіць карупцыйныя схемы, якія здаўна існуюць у Адэсе, а таксама бізнэсовыя канфлікты ўкраінскіх алігархаў, якія ніяк не могуць падзяліць порты Адэскай вобласці.
Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя