Саколка спадзяецца на малы памежны рух
Саколка як адна з памежных гмін Беласточчыны ўскладае вялікія спадзяванні на запуск малога памежнага руху. У мястэчку даволі добра развітыя гандлёвая і дарожная інфраструктура. Працуюць ужо крамы, накіраваныя на пакупнікоў з Беларусі. У малым памежным руху бурмістр Саколкі Эва Кулікоўская таксама бачыць шанц на эканамічнае развіццё гміны:
– Можам многа на гэтым атрымаць. Не згубіць, а атрымаць! Тым больш што інфраструктура развіваецца. Фірмы трактуюць Саколку і нашу гміну перадусім як акно на Усход. Таму такая ініцыятыва вельмі неабходная, трэба яе прасоўваць далей. І з беларускага боку назіраем такія ж спадзяванні на малы памежны рух.
Дамову аб малым памежным руху ў 2010-м годзе падпісалі прэзідэнт Польшчы Браніслаў Камароўскі і кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Каб ажыццявіць гэтую ініцыятыву, краіны павінны абмяняцца дыпламатычнымі нотамі. Гэта, аднак, блакуе беларускі бок. Калі малы памежны рух запрацуе, спрошчаным пераходам мяжы змогуць карыстацца каля паўтара мільёна людзей па абодва бакі мяжы.
Уля Шубзда, Беларускае Радыё Рацыя, Саколка
Фота isokolka.eu