Самаабарона будзе ахоўваць мяжу з Беларуссю і Расеяй
Мяжу з Беларуссю і Расеяй у Чарнігаўскай вобласці будуць ахоўваць і валанцёры з чарнігаўскай “Самаабароны Майдана”.
З падрабязнасцямі – наш украінскі карэспандэнт Марцін Война.
Ці не галоўныя праблемы ўкраінскіх межаў на ўсходзе і поўначы – адсутнасць дэмаркацыйных знакаў, брак памежнікаў, а таскама спецыфічныя прыродныя ўмовы. Мяжа з Беларуссю і Расейскай Федэрацыяй у Чарнігаўскай вобласці праходзіць пераважна праз лясы і балоты, і дакладна вызначыць дзяржаўную прыналежнасць тэрыторый іншым разам не могуць нават спецыялісты. З беларускага боку гэтым карыстаюцца браканьеры і кантрабандысты, а з расейскага існуе пагроза дыверсантаў.
Вырашыць праблему дапамогуць валанцёры з чарнігаўская абласной “Самаабароны Майдана”. Гэтая грамадская арганізацыя займаецца аховай грамадскага парадку і сурацоўнічае і з міліцыяй, і з памежнікамі. Мяркуецца, што валанцёры “Самаабароны Майдана” будуць набірацца найперш з жыхароў памежных раёнаў, якія добра ведаюць мясцовую спецыфіку.
Сярод актывістаў чарнігаўскай “Самаабароны Майдана” ёсць і этнічныя беларусы з Чарнігаўшчыны.
Беларускае Радыё Рацыя, Марцін Война, Украіна
