Самакіраванне атрымае датацыі з бюджэту Падляшскага ваяводства
Чарговыя дамовы падпісалі прадстаўнікі дзевяці адзінак самакіравання Падляшскага ваяводства, як удзельнікі „Праграмы аднаўлення вёсак Падляшскага ваяводства”, на фінансаванне з мясцовага бюджэту.
Мерапрыемства праходзіла ў канферэнцыйнай залі Маршалкоўскай управы Падляшскага ваяводства з удзелам віцэмаршалка Станіслава Дэрэгайла.
„Мы атрымаем сродкі на абсталяванне вясковага клубу ў Краснянах”, – кажа бурмістр Саколкі Ева Кулікоўска:
– Грошы, якія выдзяляе Маршалкоўская ўправа, будуць перадусім прызначаны на абсталяванне будынку неабходнымі рэчамі: лядоўні, сталы, крэслы, каб людзям было дзе сустракацца. Варта, каб у кожнай вёсцы было такое месца, дзе жыхары маглі б сустракацца.
Атрымаюць фінансаванне ў межах праграмы і прадстаўнікі мясцовасці Дубічы Царкоўныя на абсталяванне вясковых святліцаў у саміх Дубічах і ў Ягодніках. Кажа войт гміны Дубічы Царкоўныя Лявон Малашэўскі:
– Калі старыя святліцы неадрамантаваныя, то зацікаўленне жыхароў вельмі слабае. Калі святліца будзе адрамантавана і абсталявана, то гэта мабілізуе жыхароў да грамадскай актыўнасці.
Прафінансуюць з бюджэту не толькі абсталяванне дамоў культуры і святліцаў. Таксама сродкі выдзеляць на набыццё традыцыйных строяў і інструментаў для фальклорных калектываў.
Агульная сума датацыяў для дзевяці ўдзельнікаў праграмы складзе каля 149620 злотых.
Яўген Скрабец, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток