Украінскія самалёты СУ-25 маглі збіць з тэрыторыі РФ



Два самалёты Су-25, якія ў сераду былі збітыя ў раёне Саўра-Магілы Данецкай вобласці, былі атакаваныя, па папярэдняй інфармацыі, з боку РФ.

Пра гэта падчас брыфінгу паведаміў спікер інфармцэнтра РНБА Андрэй Лысенка.

„Сёння ў раёне пасёлка Дзмітраўка 4 штурмавікі Су-25 аказвалі агнявую падтрымку падраздзяленням на мяжы нашай дзяржавы. Пасля паспяховага выканання задання нашымі лётчыкамі іх абстралялі з магутнага зенітна-ракетнага комплексу”, – паведаміў Лысенка.

„Нягледзячы на супрацьракетныя манеўры і адстрэл цеплавых пастак 2 нашыя самалёты на вышыні 5200 метраў былі падбітыя. Паводле папярэдняй інфармацыі, запуск ракет ажыццяўляўся з тэрыторыі Расейскай Федэрацыі”, – адзначыў спікер інфармцэнтра РНБА.

Ён паведаміў, што гэта – адна з версій.

„Па папярэдніх дадзеных, гэтыя самалёты былі збітыя не тэрарыстамі, паколькі ПЗРК не маюць такой вышыні паражэння. Самалёты былі падбітыя на вышыні 5200 м. Гэта вышыня для супрацьпаветраных комплексаў, якая характэрна толькі для ракетных комплексаў магутнага дзеяння”, – дадаў Лысенка.

Ён растлумачыў, што паколькі гэта адбылося ў раёне Саўра-Магілы, то па папярэдняй інфармацыі, менавіта з-за мяжы былі выпушчаны гэтыя ракеты.

Следства працягваецца. Пра лёс экіпажаў інфармацыя з меркаванняў бяспекі не распаўсюджваецца.

Ён адзначыў, што тэрарысты не заяўлялі пра тое, што гэтыя вайскоўцы ўзятыя ў палон.

Лысенка выказаў надзею, што з імі ўсё ў парадку.

Як паведамлялася, раней стала вядома, што ў раёне Саўра-Магілы збітыя два ваенныя самалёты.

pravda.com.ua