Сейм Польшчы асудзіў прысуд беларускім журналісткам Андрэевай і Чульцовай



Сейм Польшчы асудзіў прысуд беларускім журналісткам Андрэевай і Чульцовай.

25 лютага ніжняя палата польскага парламента прыняла пастанову, у якой выказала „глыбокае абурэнне” прысудам беларускім журналісткам Кацярыне Андрэевай (Бахвалавай) і Дар’і Чульцовай і заклікала беларускія ўлады вызваліць іх і ўсіх палітвязняў. У дакуменце, тэкст якога апублікаваны на сайце сейма, адзначаецца пагаршэнне становішча СМІ і журналістаў у Беларусі.

На думку парламентарыяў, „выкарыстанне крымінальнага працэсу ў сувязі з пратэстамі супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў у жніўні 2020 года дэманструе антыдэмакратычныя намеры ўладаў і недастатковую незалежнасць беларускіх судоў”.

„Даванне інфармацыі, у тым ліку аб пратэстах або дэманстрацыях, з’яўляецца адной з ключавых задач незалежных СМІ”, — падкрэсліваецца ў пастанове.

Супрацоўніцы тэлеканала „Белсат” Андрэева і Чульцова прызнаныя вінаватымі паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць парадак) і асуджаныя на два гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

Беларускае Радыё Рацыя