Сем спектакляў з чатырох краін (абноўлена)



У Беластоку з 22 па 30 верасня пройдзе тэатральны фестываль «Напрамак Усход». Яго арганізатары з Беластоцкага драматычнага тэатра заяўляюць пра пашырэнне тэатральных кантактаў.

«Летась на фестываль прыязджалі калектывы з Беларусі і Украіны, сёлета чакаем гасцей таксама з Польшчы і Літвы. Выступяць таксама гаспадары пляцоўкі – беластачане. Спектаклі на фестываль падбіраліся тэматычна», – кажа дырэктар Беластоцкага тэатра Пётр Пулторак

Я маю на ўвазе тэму памежжа, разнастайнасці культур, культурнага абмену і таго, што ў такіх месцах, як Беласток, Львоў, Гародня, Менск, а таксама Бельска-Бяла, Жэшаў і Літва, Коўна, што ў такіх месцах таксама сутыкаюцца розныя культуры, ствараючы выбуховую мяшанку. Спектр спектакляў вельмі розны: ад камедыі па трагедыю. Таму ў нас шырокі дыяпазон рэпертуару гэтага фестывалю.

З Беларусі акрамя Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі, які добра вядомы беластоцкай публіцы, таксама выступяць артысты Гарадзенскага абласнога драматычнага тэатра. „З нашымі суседзямі, кажуць у драматычным тэатры – мы імкнёмся наладзіць творчы кантакт і супрацоўніцтва”. Апошнія 15 гадоў гарадзенскі тэатр не выступаў у Беластоку.

У рамках тэатральнага фестывалю „Напрамак усход” 23 верасня пакажуць спектакль „Паляванне на пацукоў” Петэра Турыні, рэжысёр-пастаноўшчык Генадзь Мушперт. Хоць гарадзенскія артысты па суседству, але творчыя сувязі абарваліся. Фестываль – нагода, каб іх абнавіць, кажа дырэктар дэпартамента культуры і нацыянальнай спадчыны Маршалкоўскай управы Анатоль Вап:

– Гарадзенскі тэатр, калі я добра памятаю, выступаў у нас пад канец 80-х гадоў, у 90-х гадах, потым іх і тэатра з Гародні ў нас не было. Не хапала кантактаў паміж тэатрамі, бо адышлі дырэктары, якія супрацоўнічалі. Нам шмат часу заняло наладжванне супрацы паміж тэатрамі.  

Сёлета прыязджаюць два калектывы з Беларусі: Гарадзенскі абласны драматычны тэатр і Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі з Менску, з якім у беластоцкага тэатра падпісанае пагадненне пра супрацоўніцтва. Такое ж плануецца падпісаць і з гарадзенскім тэатрам.  

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: Драматычныя тэатр імя Венгеркі ў Беластоку