Сем’і ахвяраў “Бурага” чакаюць кампенсацый



Сем’і ахвяраў Рамуальда Райса “Бурага”, капітана пасляваеннага падполля,  патрабуюць ад польскай дзяржавы кампенсацыі за іх крыўды. У студзені і лютым 1946 года Аддзел Узброенага падполля Нацыянальнага вайсковага задзіночання забіў 82 беларусы, сярод якіх былі жанчыны і дзеці.

Іх сем’і цягам многіх гадоў хочуць падобнай кампенсацыі, якую маюць сем’і жаўнераў польскага падполля, замардаваных камуністамі. Па сённяшні дзень нашчадкі Рамуальда Райса “Бурага” атрымоўваюць пенсію ад польскай дзяржавы, кажа старшыня Беларускага саюзу ў Польшчы Яўген Вапа:

– Людзям і іх сем’ям, якія спазналі на сабе дзейнасць падпольных атрадаў, што спрычыніліся да знішчэння беларускага насельніцтва, належыць не толькі маральная кампенсацыя, але і фінансавая. Як у дачыненні да грамадзян польскай нацыянальнасці.

Сем’і ахвяраў аддзела Рамуальда Райса “Бурага” звярнуліся да сябраў парламенцкай камісіі нацыянальных і этнічных меншасцяў, каб увесці адпаведныя змены ў законе аб ветэранах і ахвярах ваенных і пасляваенных рэпрэсіяў. Гэтыя змены далі б магчымасць дамагчыся кампенсацыі ад польскай дзяржавы. Дагэтуль парламент адкідаў іх просьбы.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя

Фота krasproc.ru