Сем’і загінулых у авіякатастрофе пад Данецкам пададуць у суд на Парашэнку
Сваякі загінулых у авіякатастрофе пад Данецкам немцаў падаюць пазоў у Еўрапейскі суд па правах чалавека супраць ураду Украіны і прэзідэнта краіны Пятра Парашэнкі. Пра гэта паведамляе сённяшні “Bild am Sonntag” са спасылкай на нямецкага адваката Эльмара Гімуллу.
Ён прадстаўляе інтарэсы трох пацярпелых сем’яў. Паводле яго слоў, улады краіны вінаватыя ў «ненаўмысным забойстве па неасцярожнасці» ўсіх пасажыраў малазійскага Боінгу.
Паводле адваката, Украіна не гарантавала бяспеку сваёй паветранай прасторы, тым самым, парушыўшы нормы міжнароднага права. Адвакат лічыць, што акрамя выплаты матэрыяльнай шкоды, сваякі маюць права і на выплату кампенсацыі за маральныя пакуты.
Юрыст разлічвае на суму каля аднаго мільёна еўра за кожную ахвяру. Пасажырскі самалёт Boeing малайзійскай авіякампаніі, які выконваў рэйс з Амстэрдаму ў Куала-Лумпур, пацярпеў крушэнне 17 ліпеня ў Данецкай вобласці на тэрыторыі, кантраляванай сепаратыстамі. На борце самалёту знаходзіліся 298 чалавек, усе яны загінулі.
Беларускае Радыё Рацыя