Семінар-канферэнцыя „Археалогія Падляшша і Палесся” у Студзіводах
У Музеі малой Бацькаўшчыны ў Студзіводах адбыўся семінар-канферэнцыя пад назвай „Археалогія Падляшша і Палесся”, прысвечаная памяці Сяргея Дубінскага, пачынальніка навуковай археалогіі ў гэтым рэгіёне.
Гаворыць арганізатар семінара, стваральнік музею ў Студзіводах Дарафей Фіёнік:
– Гэта ўжо другі семінар, ён прысвечаны памяці Сяргея Дубінскага, які фактычна заснаваў сучасную беларускую археалогію. У пачатку 20-га стагоддзя было ўсяго некалькі беларускіх археолагаў. Адным з іх быў Сяргей Дубінскі, ён сын Падляшша. Сын святара наройскай царквы – бацюшкі Антонія. Дубінскі быў настаяцелем у Сямятычах. Ён з’яўляецца патронам падляшскай археалогіі. Да Дубінскага на Падляшшы, калі археолагі і былі ці працавалі, то не было такога навуковага падыходу, які пачаў Сяргей Дубінскі. Калі бачым яго фотаздымкі за раскопак у надбужанскіх вёсках, то адразу ўсведамляем, які вялікі прагрэс зрабіў зрабіў Сяргей Дубінскі ў археалогіі. Сёння фатаграфічная дакументацыя раскопак – гэта норма. У часы Дубінскага, гэта толькі пачыналася. У Заходняй Еўропе была фатаграфічная дакументацыя раскопак, а тут бачым фатаграфіі з 1911 года з яго раскопак з-над Буга.
Пад час канферэнцыі быў прадстаўлены апошні нумар гадавіка „Мельніцкі гасцінец”, дзе надрукаваны вялікі артыкул аб Сяргею Дубінскаму. А таксама выстава ў дворыку Музею малой Бацькаўшчыны, прысвечаная археолагу.
Беларускае Радыё Рацыя