Шалкевіч і Бартосік – з прэзентацыямі кніг у Беластоку
Свята кнігі ў Беластоку. 12-14 красавіка ў Падляшскай оперы і філармоніі, а таксама ў будынку Тэатра лялек, пройдзе VIII Міжнародны кніжны кірмаш, спалучаны з літаратурным фестывалем “На паграніччы культур”.
Адметнасць мерапрыемства ў тым, што акрамя непасрэдна продажу кніг ад шматлікіх выдавецтваў, плануецца каля сарака сустрэч з аўтарамі, прэзентацыі, забавы для дзяцей і дыскусіі. У тым ліку пройдзе сустрэча з двума беларускімі аўтарамі – запрашае арганізатар з фонду “Суседзі” – Анджэй Каліноўскі:
– Прыязджае Віктар Шалкевіч, які прадставіць сваю кнігу пра Гародню і ваколіцы “Miasteczka G…i okolice…” Чытаць гэтую кнігу – адно задавальненне. Мова Шалкевіча – іранічная. Ён расказвае пра ўзаемаадносіны паміж беларускім і польскім бакамі. Думаю, што гэта вельмі файная кніга, якая набліжае нас адзін да аднаго, і паказвае, што трэба адзін аднаму дапамагаць.
– Другі аўтар з Беларусі – гэта Зміцер Бартосік, які напісаў вельмі цяжкую кнігу “I miał Pan wróbelka, który mówił. Podróże wolności”. Ён ездзіў па Беларусі і задаваў пытанні людзям, якія цяпер маюць па 80-90 гадоў, пра ранейшыя часы. Пытаў пра палякаў, пра немцаў, пра беларусаў, з чаго вынікае даволі трагічны вобраз тых часоў, але вельмі важны вобраз. Я называю гэта літаратурай факту, першым такім рэпартажам з Беларусі.
Цалкам размова – у далучаным гукавым файле:
Сустрэча з Віктарам Шалкевічам і Змітром Бартосікам адбудзецца ў суботу, 13 красавіка, а 16-ай гадзіне ў Green room оперы. Акрамя таго, на кірмаш традыцыйна прыедуць беларускія выдавецтвы: Arche, “Кнігазбор”, “Галіяфы” і “Янушкевіч”. Падрабязную праграму знойдзем у інтэрнэце, у тым ліку на старонцы ў facebook.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя