Шанцы і перспектывы малога памежнага руху



Госць нашай студыі – старшыня Беларускага Дома ў Варшаве Алесь Зарэмбюк.

dsc05442

РР: Невыпадкова сустракаемся сёння ў Беластоку. Неўзабаве ў Беластоцкім Універсітэце, універсітэцкім Цэнтры культуры, пачнецца канферэнцыя, прысвечаная малому памежнаму руху. Хто возьму ў ёй удзел і пра што пойдуць дэбаты?

Алесь Зарэмбюк: Сёння пройдзе канферэнцыя “Малы памежны рух паміж Польшчай і Беларуссю: шанцы і перспектывы”. Размова пойдзе пра дамову, якая была падпісана паміж гэтымі краінамі яшчэ ў 2010 годзе, але дагэтуль не працуе.

На канферэнцыі будзе шэраг гасцей: выступіць прарэктар Беластоцкага Універсітэта, віцэ-маршалак Падляшскага ваяводства, група прафесараў, якая займаецца якраз гэтай тэматыкай у Беластоцкім Універсітэце, шэраг беларускіх і польскіх экспертаў ды іншыя.

РР: А ці запрашалі Вы афіцыйных прадстаўнікоў беларускага боку?

Алесь Зарэмбюк: Мы не запрашалі прадстаўнікоў дыпламатычных структур Беларусі. На вялікі жаль, кантакты з Беларускай амбасадай у Варшаве і Генеральным консульствам у Беластоку  не самыя лепшыя. Але я думаю, што з часам гэтая сітуацыя будзе выпраўленая. І калі малы памежны рух не запрацуе, то ў наступным годзе, я думаю, дыскусіі трэба будзе працягваць.

На жаль, няма яснай палітычнай пазіцыі з боку афіцыйнага Менска, а перадусім з боку Адміністрацыі Прэзідэнта і самога Аляксандра Лукашэнкі. З нашай камунікацыі з МЗС, прадстаўнікамі Парламента і мясцовых уладаў агульна вынікае пазітыўнае стаўленне да малога памежнага руху і гэтай дамовы. Але ж заўжды ёсць нейкае “не”. Так, беларускі Памежны камітэт кажа, што трэба мадэрнізаваць памежныя пераходы, але цягам 6 гадоў нейкія зрухі сталі заўважнымі толькі зараз – на ўзроўні дэкларацыі. Беларускае МЗС таксама кажа, што зараз вывучаецца досвед малога памежнага руху з Латвіяй. І на аснове вынікаў гэтага даследавання будзе прынята канчатковае рашэнне па ўвядзенні малога памежнага руху паміж Беларуссю і Польшчай.

РР: Тэхнічныя тлумачэнні, чаму ён не запрацаваў, з’явіліся крыху пазней, у 2012 ці 2013 годзе. Спачатку аргументацыя была палітычная.

Алесь Зарэмбюк: Дакладна так. Але зараз сітуацыя каардынальна змянілася. На маю думку, у гэтым годзе і польскі бок, і беларускі бок дэманструюць вельмі інтэнсіўныя палітычныя стасункі. І трэба вітаць гэтыя захады, бо чым бліжэй будзе Менск да Варшавы, тым далей ён будзе да Масквы. І гэта пазітыўна. Бо гэта вяртае Беларусь у спадчынную тэрыторыю, спадчынную сям’ю народаў, дзе была Беларусь і ў часы ВКЛ, і ў часы РП.

РР: У мяне склалася ўражанне, што адзін з прыярытэтаў дзейнасці Беларускага Дома ў Варашаве — менавіта распаўсюд інфармацыі сярод жыхароў беларуска-польскага памежжа, асабліва з беларускага боку мяжы, пра тыя карысці, якія можа прынесці малы памежны рух. Якія перш-наперш карысці Вы бачыце ў гэтай з’яве?

Алесь Зарэмбюк: Карысці ад малога памежнага руху для грамадзян Беларусі і Польшчы па абодва бакі мяжы — гэта для нас безумоўны прыярытэт на працягу апошніх трох гадоў.

У папярэднім пытанні Вы закраналі аспект дыскусіі. Сапраўдная дыскусія на тэму малога памежнага руху пачалася ў 2012 годзе і была выкліканая, між іншым, нашымі дзеяннямі і актыўнай пазіцыяй нашых партнёраў у Гарадзенскай і Берасцейскай вобласці. Што тычыцца карысці для беларускіх грамадзян, дык гэта каля мільёна людзей, якія будуць мець магчымасць карыстацца бязвізавым уездам на памежную тэрыторыю Польшчы.

Як гэта будзе выглядаць? Спачатку будзе выдавацца карта за 20 еўра для наведвання памежных тэрыторый на два гады, а пасля яна будзе працягвацца на 5 гадоў, калі чалавек будзе звяртацца па яе ўжо другі раз. Гэта дасць магчымасць людзям не стаяць у чэргах  у візавыя цэнтры, не плаціць па 60 еўра за візу, бо цяпер, калі ў Беларусі чарговы крызіс, гэта вельмі вялікая сума. Вось, напрыклад, сям′я з чатырох чалавек, каб ездзіць у памежжа, павінна будзе заплаціць 80 еўра, а цяпер ад сям′і трэба заплаціць 240 еўра, а гэта, можна сказаць, цэлы заробак, і то неблагі заробак, бо цяпер людзі зарабляюць і значна менш.

РР: Вы гаворыце пра гэты малы памежны рух не толькі ў час такіх дэбатаў, як сёння ва ўніверсітэцкіх памяшканнях на канферэнцыі, але таксама шмат часу праводзіце ў канкрэтных размовах з людзьмі, якія тую мяжу перасякаюць. З якімі рэакцыямі Вы там сустракаецеся?

Алесь Зарэмбюк: Мае назіранні вельмі розныя. Пачыналі мы яшчэ ў 2014 годзе, і ўжо тады было 4 гады ад падпісання гэтай дамовы. Нагадаю, што яна дагэтуль нератыфікаваная Менскам. Для таго, каб яна ўступіла ў дзеянне, трэба, каб Менск даслаў у Варшаву ратыфікацыйную ноту, пасля чаго дамова пра малы памежны рух запрацуе.

Калі ў 2014 годзе мы пачыналі, абсалютна пераканаўчая большасць, можа адсоткаў 70 з тых людзей, з якімі мы сустракаліся, увогуле нічога не чулі ані пра малы памежны рух, ані пра гэтую дамову, ані пра перамовы, што вядуцца паміж нашымі дзяржавамі. Людзі былі вельмі скептычна настроеныя: «Ой, да калі гэта будзе. Гэта проста папулізм. Гэта толькі абяцанні». А цяпер, пасля двух гадоў працы, сапраўды вялікая колькасць жыхароў Беларусі ведае пра малы памежны рух. Наша нфармацыйная кампанія праходзіць у рамках двух асноўных дзеянняў. Першае — сустрэчы з жыхарамі памежных гарадоў і тэрыторый па беларускім баку, у Гарадзенскай і Берасцейскай вобласці, а таксама інфармацыйная кампанія, скіраваная на інфармаванне пра тое, як гэта будзе працаваць, і прысвечаная розным аспектам малога памежнага руху. А з другога боку, мы праводзім таксама і па польскім баку мяжы інфармацыйныя кампаніі для тых грамадзян Беларусі, якія вяртаюцца з Польшчы ў Беларусь, і стаўленне  іх вельмі пазітыўнае. Нават людзі з Менскай вобласці ці з Менска, якія стаяць у чарзе, кажуць: «Гэта не для нас, але мы падтрымліваем». Часам, праўда, мы сустракаліся і з меркаваннямі кшталту: «Ох, гэтыя чацвёркі ці адзінкі». Маецца на ўвазе рэгіён на аўтамабільных нумарах – Гарадзеншчына і Берасцейшчына. «Усё ім мала». Вось такая нейкая зайздрасць з’яўляецца, і гэта ўжо своеасаблівая рэгіянальная канкурэнцыя. Маўляў, і так Заходняя Беларусь больш актыўная і заможная, а ім яшчэ падавай і бязвізавы праезд у Польшчу.

Працуецца ўсё ж вельмі пазітыўна, і я спадзяюся, што гэтая праца па абодвух баках мяжы прынясе свой плён і польскія грамадзяне таксама змогуць ездзіць у Беларусь. Тое, што ўжо польскія грамадзяне могуць ездзіць без візы ў Белавежскую пушчу, наведваць Гародню да пяці дзён, — гэта таксама вынікі нашай працы. Цяпер, у тым ліку і па аб′ектыўных прычынах, пасля адмены абмежавання ездзіць на адным аўтамабілі толькі раз на восем дзён, на мяжы можа здарыцца калапс, бо чэргі вельмі вялікія. Таму сапраўды варта мадэрнізаваць пераходы, адкрыць два новыя пераходы, пра якія ідзе размова паміж Польшчай і Беларуссю.

Поўную гутарку слухайце ў далучаным аўдыёфайле.

Гутарыў Мікола Ваўранюк, Беларускае Радыё Рацыя