Школьнікі з Залук шукалі беларускія месцы Беластока
Беларускія месцы Беластока малавядомыя, але цікавыя. Існуе нават адмысловая мапа з месцамі, звязанымі з беларускай культурай у сталіцы Падляшскага ваяводства.
На экскурсію па беларускіх месцах Беластока прыязжаюць не толькі турысты з Беларусі, але і школьнікі з Падляшша, якія вывучаюць беларускую мову. Дзяцей з непублічнай пачатковай школы ў Залуках пазнаёмілі з Беластокам стваральнік маршруту „Беларускія сляды ў Беластоку” Аляксей Трубкін і супрацоўніца Беларускага Радыё Рацыя Ганна Комінч:
– Ідэя з’явілася дзякуючы іншым падобны праектам, якія ўжо існавалі на той час. Былі мапы беларускіх месцаў Вільні, Варшавы, Прагі. Мяне зацікавіла, я падумаў чаму б не зрабіць мапу беларускіх месцаў Беластока. Беларусы спрабавалі наладзіць тут беларускае жыццё, стваралі арганізацыі. Вельмі шмат цікавых фактаў, шмат што было адкрыццём нават для мясцовых беларусаў, не кажучы пра тых, якія сюды прыязджаюць.
– Я вельмі цешуся, што дзеці, якія прыехалі да нас з Залукаў, мелі мажлівасць убачыць Беласток, убачыць, як працуе Радыё Рацыя. З цікавасцю даведаліся пра нейкія цікавосткі звязаныя з дзеячамі беларускай культуры. Напрыклад, пра Манюшку, Касцюшку. Усе ведаюць, што яны зрабілі для польскай культуры, але тое, што абодва яны беларусы па нараджэнні, што адзін з іх нарадзіўся недалёка ад Менска, а другі нарадзіўся на Берасцейшчыне – гэта сёння ведаюць не ўсе. Мне здаецца пра гэта варта казаць. Мне вельмі спадабалася, што дзеці імкнуліся казаць па-беларуску – гэта вельмі прыемна.
Уля Шубзда:
– Вельмі цешуся, што маю магчымасць працаваць у Залуках з дзецьмі. Залукі – гэта вёска, якая знаходзіцца ў памежным рэгіёне, там вельмі блізка да мяжы. Думаю, што для дзяцей важна мець той культурны кантакт з тым месцам, дзе яны нарадзіліся.
– У хаце мы гаворым па-беларуску, на гаворцы. Няма цяжкасці з беларускай мовай. На тыдзень у нас тры заняткі беларускай мовы. Мы хочам, каб было больш, але не хапае часу. Нам найбольш падабаюцца творы Міры Лукшы. Мы таксама многа вершаў, многа тэкстаў чытаем п з „Нівы”, з „Зоркі”. Вучні з нашай школы таксама бралі ўдзел у конкурсе «Роднае слова» і займалі высокія месцы. Я вывучала верш Ларысы Геніюш „Лес”, ён вельмі доўгі, але вывучыла. Беларуская мова прыгожая, вельмі файная, каб пагаварыць, паспяваць.
– Мне вельмі падабаецца беларуская мова, беларускія песні, вершы. Мы ў чэрвені паедзем у Беларусь у Гародню. Будзем спяваць песні „Дзецюкоў”.
Дзеткі з Залук таксама наведалі рэдакцыю беларускага штотыднёвіка „Ніва” і нашага радыё. Прывезла іх настаўніца беларускай мовы Уршуля Шубзда.
Ева Бардзілоўская, Беларускае Радыё Рацыя