„Шлях Тызенгаўза” злучыў Саколку і Гародню
Трансгранічны „Шлях Тызенгаўза” злучыў Саколку і Гародню. Сёння ў Саколцы прайшла канферэнцыя, прысвечаная гэтай падзеі.
У Саколку прыехалі прадстаўнікі мясцовых уладаў і навукоўцы з Беларусі. Абодва бакі падкрэслілі важнасць міжнароднай супрацы на роўні самакіравання.
– Нам удалося зрабіць выдатную справу для Саколкі і для Гародні. Вядома, што суседзі павінны жыць у згодзе. І мы стараемся з усіх сіл. Калі гаворка ідзе пра вялікую палітыку, гэта ўсё за межамі нашай дасяжнасці, мы жывем тут, мы хочам ствараць тут і хочам быць добрымі суседзямі адзін адному, – сказала бургамістр Саколкі Эва Кулікоўска.
– Мы чулі, што прыгранічныя праекты рэалізуюцца ў горадзе Сувалкі, Бельску-Падляшскім, Гайнаўцы, дык чаму б не Саколка? Бургамістр горада ставіць перад сабой вялікія задачы, – адзначыў дэпутат Мечыслаў Башко.
– Тры гады таму мы прыехалі ў Саколку. Справа тычылася роварнага праекту. Мы сказалі, што ў нас у Гародні праблемы з камяніцамі, насамрэч, з адной з іх. Спадарыня Эва паказала нам тое ж самае месца ў цэнтры Саколкі. Мы падумалі, можа нешта з гэтага зробім. У той час ніхто нават не думаў, што нешта з гэтага выйдзе, але ў нас атрымалася. Бургамістр занялася гэтай справай і толькі мы дапамаглі, – сказаў Барыс Фёдараў, старшыня Гарадзенскага гарадскога Савета дэпутатаў.
– Я думаю, што гэта гістарычны праект, бо як параўноўваць 26-тысячны горад з Гародняй, якая нават большая, чым Беласток, але, як вы можаце бачыць, можна. Самае галоўнае – гэта сэрца, сустрэча з патрэбнымі людзьмі і жаданне. А жаданне – гэта магчымасць. Гэта не апошні праект, які Саколка хоча рэалізаваць разам з партнёрамі з Гародні. Ёсць і іншыя планы, – дадала Эва Кулікоўская.
Падчас канферэнцыі адбылася навуковая панэль, прысвечаная Антонію Тызенгаўзу і турызму.
Абодва гарады хочуць павялічыць колькасць наведвальнікаў і карыстальнікаў турыстычных прапаноў Сакольшчыны і Гарадзенскай вобласці. Адзін з элементаў праекту – гэта рамонт камяніц у абодвух гарадах. Праца ў Саколцы доўжыцца некалькі месяцаў – у доме па вул. Пілсудскага, 1 размесціцца між іншым Інфармацыйна-турыстычны цэнтр. Будуць майстар-класы па рамёствах і велапрабегі. Таксама ёсць планы па правядзенні мастацкіх пленэраў і тэатральных варштатаў.
Агульны кошт праекту – 2 139 254 еўра, з якіх дафінансаванне складае – 1 925 329 еўра.
У Гародні пройдзе закрытая канферэнцыя.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота darriuss.livejournal.com