«Шляхі да незалежнасці народаў Усходняй Еўропы 1914-1921»
Які быў шлях да абнаўлення незалежнасць Беларусі? Гэтаму пытанню быў прысвечаны другі дзень міжнароднай канферэнцыі „Шляхі да незалежнасці народаў Усходняй Еўропы 1914-1921”.
На думку супрацоўніка Варшаўскага ўніверсітэта Андрэя Чарнякевіча, шансаў на рэальную незалежнасць Беларусі ў 1918 годзе практычна не было:
– Каб паўстала незалежнасць Беларускай дзяржавы не быў зацікаўлены ніхто. У рэшце рэшт беларуская дзяржаўнасць у вельмі агульным разуменні апынулася поўнасцю манапалізаванай праз бальшавісцкую Расею. І сённяшняя наша рэчаіснасць, сённяшняя Беларусь шмат у чым з’яўляецца вынікам менавіта гэтай, а не іншай геапалітычнай сітуацыі. Гэта, на мой погляд, нейкая аб’ектыўная рэчаіснасць. І з гэтым трэба лічыцца. І з іншага боку, трэба зноў жа спрабаваць на гэту тэму паглядзець крытычна: ці можна гэта змяніць, ці ў стане гэта змяніць і якія гэта будуць вынікі?
Праблемам, звязаным са станаўленнем незалежнасці Беларусі, прысвяцілі свае даклады таксама гісторыкі з Літвы, Польшчы ды Расеі.
* * *
«Шляхі да незалежнасці народаў Усходняй Еўропы 1914-1921»— пад такой назвай праходзіць у Цеханоўцы міжнародная навуковая канферэнцыя. Даследчыкі дыскутуюць пра спосабы і магчымасці, якія давялі да ўзнікнення незалежных дзяржаў пасля І Сусветнай вайны.
На думку гісторыка з Гомеля Валянціны Мятліцкай, кожная нацыя ў той час імкнулася да суверэннасці.
— Працэс быў агульны, здаанні для усіх народаў і нацый былі аднолькавыя: барацьба за ўмацаванне ўласнай дзяржаўнасці, незалежнай дзяржаўнасці. Аднак, шляхі гэтыя былі розныя і гэтая рознасць залежала ад падрыхтаванасці саміх нацый, ад наспеласці нацыянальнай свядомасці, ад згуртаванасці нацый, ад наяўнасці палітычных сілаў.
Сярод дзяржаў, якія абвясцілі незалежнасць Польшча і краіны Балтыі адваявалі незалежнасць, а Беларусь і Украіна не змаглі яе ўтрымаць.
Поўную гутарку з Валянцінай Мятліцкай слухайце ў далучаным гукавым файле:
У канферэнцыі прымае ўдзел каля дваццаці навукоўцаў з Беларусі, Украіны, Літвы, Латвіі, Расеі і Польшчы.
Уля Шубзда, Беларускае Радыё Рацыя