Што будзе са шпіталём па вуліцы Валадыёўскага?
Амаль два гады пустуе шпіталь па вуліцы Валадыёўскага ў Беластоку.
У час пандэміі гэтае месца на нейкі час было прызначана для пацыентаў з ковіднай інфекцыяй. Цяпер будынак, які разлічаны на семдзесят пацыентаў, не выкарыстоўваецца.
На думку пасла Кшыштафа Трускаляскага, адкрыццё шпіталю магло б значна дапамагчы жыхарам Падляшскага ваяводства:
– Гэты шпіталь быў адкрыты ў часы кіравання „Грамадзянскай платформы”, ён каштаваў чатыры мільёны злотых. Больш за 70 месцаў для хворых асобаў. Цяпер гэты будынак стаіць пусты. Мы просім адкрыць гэты шпіталь як найхутчэй. Ён быў вельмі патрэбны для жыхароў Падляшскага ваяводства, для жыхароў Беластока. На жаль яго ўжо няма.
Як адзначыла Яланта Дэн, дырэктар Дому сацыяльнай дапамогі па вуліцы Свярковай, пажылым жыхарам трэба чакаць чаргі два гады. Па яе словах, зараз амаль шэсцьдзесят пенсіянераў чакае ў чарзе, каб атрымаць прафесійную медычную дапамогу ў асяродку па вуліцы Свярковай.
Беларускае Радыё Рацыя