Што будзе з беластоцкімі творамі Язэпа Драздовіча?



У сакавіку 1933 года беларускі мастак Язэп Драздовіч па запрашэнні акруговай управы Таварыства Беларускай Школы прыязджае з Вільні ў Беласток, дзе стварае дэкарацыі для спектакляў, якія ладзіць драматычная секцыя ТБШ, што апісаў у дзённіку. Ім былі намаляваныя двухбаковыя палотны: „Беларуская вёска з вуліцай”, „Краявід”, „Пушча” і „Замчышча”.

Язэп Драздовіч

У 1936 годзе карціны былі перададзены беларускаму актывісту Канстанціну Сідаровічу і праляжалі больш за 30-ць гадоў на гарышчы яго прыватнага дома. Пазней уладальнікам дэкарацый стала Галоўнае праўленне Беларускага грамадска-культурнага таварыства ў Беластоку. У 60-70-х гадах яны часамі выкарыстоўваліся БГКТ падчас культурніцкіх мерапрыемстваў. У 2002 годзе гісторык Алена Глагоўская са студэнтамі беластоцкага ўніверсітэта выставілі палотны на выставе, што праходзіла ў Музеі імя Альфонса Карнага. Выстава была прымеркавана да арганізаванага ёй семінара, які прысвячаўся беларускай культуры ў міжваеннай Польшчы. Пасля яны вярнуліся ў БГКТ, дзе далей захоўваліся на паддашшы таварыства больш за 10-ць гадоў.

Палотны дэкарацый створаныя Язэпам Драздовічам у Беластоку для тэатра ТБШ. (Фота radio.bialystok.pl)

У 2015 Галоўнае праўленне Беларускага грамадска-культурнага таварыства перадало дэкарацыі Падляшскаму музею ў Беластоку. Планавалася, што іх адрэстаўруюць і выставяць у музеі. Тады старшыня БГКТ Ян Сычэўскі адзначаў, што перадача палотнаў спецыяльнай установе з’яўляецца апраўданай. Яны патрабуюць рэстаўрацыі, а таксама маглі б быць выстаўлены.

Падчас перадачы Дырэктар Падляшскага музея, гісторык Анджэй Ляхоўскі пацвердзіў, што палотны надзвычай важныя для культуры беларускай меншасці, а таксама для гісторыі Беластока. Матэрыяльных сведчанняў пра жыццё беларускай супольнасці ў міжваеннага перыяд захавалася няшмат. Добра задакументавана культурнае жыццё польскай супольнасці, габрэйскай, нямецкай крыху менш, а беларускай амаль няма. Гэта важны элемент у шматкультурнай мазаіцы рэгіёна.

Працэс перадачы палотнаў БГКТ Падляшскаму музею ў 2015 г. (Фота radio.bialystok.pl, wyborcza.pl)

Мы вырашылі звярнуцца ў Падляшскі музей, каб даведацца, дзе зараз знаходзяцца працы Драздовіча, як выглядае справа з рэстаўрацыяй і ці будуць яны выстаўлены. Пасля даволі працяглага маўчання ад дырэктара музея Анджэя Ляхоўскага прыйшоў электронны ліст:

– Выбачайце за доўгае маўчанне, але мы павінны былі вырашыць пэўныя працэдурныя пытанні. Тэатральныя дэкарацыі ў нашым аддзеле – Гістарычны музей па Варшаўскай 37. Калі ласка, звярніцеся ў музей, бо паказ з’яўляецца даволі праблематычным з-за іх памеру. Палотны будуць рэстаўраваныя, хоць мы ацэньваем іх стан як добры. Мы не менш думаем пра рэстаўрацыю і ў гэтым годзе напішам заяўку на праграму МКіНС (Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны). Калі атрымаем сродкі, то ў 2020 палотны будуць закансерваваны і выстаўлены.

Мы спрабавалі дамовіцца пра асабістую сустрэчу з дырэктарам, а таксама, каб нам па магчымасці прадэманстравалі дзе і як захоўваюцца ўнікальныя палотны, на што на жаль не атрымалі адказу. Нягледзячы на гэта мы будзем пільна сачыць за далейшай хадой справы.

Язэп Драздовіч (1888-1954) беларускі мастак, скульптар, этнограф, археолаг, педагог, пісьменнік. Адзін з заснавальнікаў беларускага нацыянальнага гістарычнага жывапісу.

Аляксей Трубкін, Беларускае Радыё Рацыя